Название | Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства |
---|---|
Автор произведения | Алег Грушэцкі |
Жанр | Фэнтези про драконов |
Серия | |
Издательство | Фэнтези про драконов |
Год выпуска | 2022 |
isbn | 978-985-581-420-8 |
– Што, што? – пацікавіўся хлопец, гледзячы на яго вачыма, якія ажно палалі.
– Ёсць там нешта… Ужо нават і не ведаю, ці варта табе казаць?
– Так, так, варта, дзеду! Ну скажы, што? – усхадзіўся заінтрыгаваны Янка, ледзь не падскокваючы.
– Не ведаю, мо і варта. Усё ж такі насамрэч тое датычыцца цябе, – уздыхнуў дзед.
– Мяне? – схамянуўся хлопец.
Дзед моўчкі нахіліўся і прасунуў руку за куфар, за якім вісеў ключ, адамкнуўшы замок і адкінуўшы дзверцы, стары прамовіў:
– Так. Не ведаю як, але, мяркую, менавіта цябе. Ну, магчыма, яшчэ і тваёй сястры.
Хлопцу ад такой неспадзеўкі нібы мову заняло. Гэтыя словы вельмі насцярожылі яго, і ён моўчкі назіраў за дзедам.
А той пачаў па чарзе выцягваць з куфра ягонае змесціва. Падкову, яшчэ нешта і яшчэ… Затым дзядуля зачыніў вечка і сеў на куфар, трымаючы ў руках нейкія рэчы.
– Вось, – прамовіў дзед і працягнуў нешта Янку. – Мой дзед мне некалі наказаў, каб я, як прыйдзе час, перадаў гэта сваім унукам.
– А што там?
– Што да чаго, я і сам не ведаю. Шчыра кажучы, я даўно ўжо і забыўся на ўсё гэта. І ўспомніў толькі цяпер, калі пабачыў цябе ў рыцарскіх даспехах і з якім захапленнем ты глядзіш на гэтае люстэрка. Дзед мне загадаў ніколі яго не выкідаць і перадаць гэтыя рэчы вам. Пэўна, час надышоў.
– А навошта ўсё гэта нам?
– Не ведаю, – пацепнуў ён плячыма. – Мой дзед сказаў, што як прыйдзе час, вы самі здагадаецеся, што і навошта.
І ён працягнуў рэчы ўнуку, якія той уважліва ўзяўся разглядаць. То былі невялічкая падкоўка, крыжык, таксама невялікі і прыгожы кулончык на скураным матузку.
Кулончык больш за ўсё прыцягваў да сябе ўвагу. Гэта быў дзіўнага фіялкавага колеру напаўпразрысты незвычайны каменьчык у дэкарацыйнай асадзе. Нельга было сказаць, што гэта цьмяны кавалак глянсаванага шкла. Так, гэта быў менавіта невядомай Янку пароды каменьчык – такога ён ніколі не бачыў. І вакол каменя па беражках былі выбітыя невядомыя знакі, падобныя да старажытных загадкавых надпісаў. Магчыма, нават руны.
Хлопчык пільна разглядаў загадкавы медальён і надпісы на ім.
– Мяркую, – перапыніў яго разважанні дзед, – гэтае ўпрыгожванне болей надасца Мілане. А вось рэшта хутчэй датычыць цябе.
– Думаеш, гэта проста ўпрыгожванне? – запытаўся хлопец, не адрываючы позірку ад кулона.
– Зусім не, – прамовіў стары. – Проста выконваю загад дзеда. Выканаў – і цяпер больш спакойны. А што там да чаго, вырашайце самі. Напраўду, я ўсё ж думаю, што гэта проста ўпрыгожванне. Не ведаю, каштоўнае ці не. Старыя цацкі.
– Дзіўна.
– Магчыма. Але, – успомніў дзед, па што насамрэч яны сюды зазірнулі, – лепей мы гэта ўсё пакуль пакінем, каб не згубіць, а потым, бліжэй да ад’езду, возьмеце з Міланкай свае падарункі. Добра?
– Так.
– Ну вось і дамовіліся, – усміхнуўся дзед