«Коннік без галавы» – самы знакаміты твор Майн Рыда. Па-майстэрску пабудаваны сюжэт рамана, заснаваны на раскрыцці загадкавага злачынства, здзейсненага ў Тэхасе ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя, трымае чытача ў напружанні да апошняй старонкі. Безгаловы конны рухаецца ноччу па прэрыі, наводзячы на ўсіх жах. Хто-ж гэта? Прывід, д'ябал ці чалавек.
«Прыгоды Шэрлака Холмса» – першы зборнік апавяданняў пра знакамітага дэтэктыва, надрукаваны ў 1892 годзе, пасля аповесцяў «Эцюд у пунсовым» (1887) і «Знак чатырох» (1890). Зборнік улучае 12 апавяданняў, сярод якіх шмат добра вядомых і пазнавальных твораў, напрыклад, «Скандал у Багеміі» ці «Стракатая стужка», што неаднаразова экранізаваліся і пераасэнсоўваліся. Нягледзячы на тое, што далёка не ва ўсіх гэтых апавяданнях расследуецца сапраўднае злачынства, зборнік даўно ўвайшоў у залаты фонд дэтэктыўнай літаратуры і адыграў вялікую ролю ў станаўленні жанру.
«Нататкі пра Шэрлака Холмса» – зборнік з дванаццаці апавяданняў пра ангельскага дэтэктыва, другі пасля «Прыгодаў Шэрлака Холмса». Паводле задумы Дойла, надрукаваныя ў 1894 годзе «Нататкі» мусілі завяршаць цыкл твораў пра Шэрлака Холмса – так з’явілася апавяданне «Апошняя справа Холмса». Аднак чытачы не дазволілі аўтару забіць героя, а таму гісторыя з прафесарам Марыярці – апошняя ў гэтым зборніку, але ніяк не ў цыкле.
Карлік Нос – адна з лепшых казак выдатнага нямецкага пісьменніка Вільгельма Гаўфа. Яго творы вылучаюцца сярод усіх вядомых нам казак сваёй самабытнасцю і арыгінальнасцю. Незвычайныя, часам фантастычныя сюжэты, неверагодныя прыгоды і ператварэння герояў настолькі зачароўваюць чытачоў, што яны нібы пераносяцца ў чароўны свет казкі і становяцца ўдзельнікамі ўсіх дзіўных падзей.
У кнігу знакамітага нарвежскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1920 года Кнута Гамсуна (1859–1952) увайшлі тры сусветна вядомыя раманы. «Голад» – гісторыя маладога валацугі, чыя свядомасць спазнае страшэнную метамарфозу ад галоднага існавання. Гэты наватарскі твор прынёс аўтару еўрапейскую вядомасць. «Пан» – лірычны аповед пра веліч прыроды і трагедыю неўзаемнага кахання, у якім спалучыліся скандынаўскія сентыментальнасць і нянавісць, дзівацтвы і пакуты, а фонам з’яўляецца суровая прыгажосць паўночнага ўзбярэжжа. «Вікторыя» – праніклівы раман пра чуллівае і пяшчотнае каханне, якое суправаджаюць гонар і годнасць, хвароба і смерць…
Гэту кнігу не назавеш ні ўнікальнай, ні арыгінальный – такія выданні ствараюцца на «адзін-два-тры». Але (парадокс ці не?) чытацца яна будзе гэтаксама, як пісалася і ўкладалася, – лёгка, весела, захапляльна. Іншымі словамі, у гэтай кнігі ёсць шанцы ператварыцца ў сапраўдны беларускі бестселер. А таму, калі вы марыце стаць пісьменнікам або рэдактарам літаратурнага выдання (чым чорт не жартуе, калі анёлкі дрэмлюць?), ды і калі нават вы ўжо з’яўляецеся першым, або другім, або першым і другім адначасова, не прамініце тое, што стваралася як быццам да юбілею часопіса «Маладосць», а на самай справе спецыяльна для вас. Для вельмі шырокага кола чытачоў.
У аповесці “Сэрца мармуровага анёла” чорная жамчужына каралевы Боны апынаецца ў руках дзівакаватага вартаўніка правінцыйнага музея і сталічнай мастацтвазнаўцы Касі. Гераіня аповесці “Пярсцёнак апошняга імператара” маладая паэтка Магда спазнае трагічную і гераічную гісторыю свайго роду, які выяўляецца каралеўскім.
Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай: «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» і «Сутарэнні Ромула» атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л. Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман «Сутарэнні Ромула» ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў 18 стагоддзі былога шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму, маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, які здабыў сабе шляхецтва на полі бойкі – суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…