Название | Канец адзіноты |
---|---|
Автор произведения | Януш Леон Вишневский |
Жанр | Современные любовные романы |
Серия | |
Издательство | Современные любовные романы |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-7210-41-1 |
Якуб віно таксама любіў. Гэта ўвогуле быў адзіны алкаголь, які ён піў. Любоў тая, відаць, была ад маці, бо яго бацька адрозніваў віно на ўзроўні «чырвонае» і «празрыстае», «салодкае» і «кісляціна», «варшаўскае за сотню з хвастом на карпаратыўныя падарункі», і «тое з “Бедронкі” за 14,99 злотых, на падарункі сямейныя». Якуб любіў, калі Надзя піла. Асабліва ўвечары, перад тым як ісці ў ложак. І калі чытала яму пры гэтым рускія вершы.
Надзя вытрасла апошнія кроплі мерло на булку і, крадком хаваючы пустую бутэльку ў заплечнік, спытала:
– Пагуляем у бутэльку? Даўно не гулялі. Бялізны на мне сёння няма, дык, можа, урэшце дацягнемся да канца.
Ён усміхнуўся. Яны сапраўды часам гулялі ў бутэльку і сапраўды ніколі яшчэ да канца не дацярпелі, ні разу не раздзяваліся цалкам, а ўсё праз яго. У нейкі момант ён забываў, што гэта гульня, і раздзяваў Надзю, не чакаючы сваёй чаргі. Часам – пад сталом на кухні, часам – на падлозе ў пакоі з фатаграфіямі, бывала – на паддашшы, а часам – толькі пад душам, калі дзяўчына ад яго ўцякала.
Ён узяў з міскі аліўку, уклаў ёй у рот і, рассоўваючы ёй ногі сваёй, сказаў:
– Сёння? Да канца? Нават не разлічвай.
На століку завібрыраваў тэлефон. Надзя крадком зірнула на экран, крыху павагалася, але ўрэшце выцерла вусны сурвэткай, выбачылася і адказала. Якуб зразумеў, што гэта Карына. У нейкі момант на твары Надзі з’явілася трывога. Дзяўчына слухала ўважліва і зрэдку падымала вочы, каб сустрэцца з Якубам позіркам. Размова доўжылася некалькі хвілін, калі Надзя раптам спалохана спытала:
– Калі? Калі самы крайні тэрмін? Не, я не магу вырашаць гэта адна. Бо так, у нас свае планы. Як і ў вас. Ды я ведаю, што гэта важна. Кары, калі ласка, фердамт нох маль, не паўтарай мне гэта соты раз. Не! Таму што не! Не смей яму званіць! – нечакана ўскрыкнула яна. – Гэта неабходна? Думаеш, Алекс скажа мне нешта новае? Добра, давай яго сюды.
Яна доўга слухала, а потым пачала гаварыць. Па-нямецку. Якуб не здолеў зразумець, ці была гэтая размова спакойнай. Іншая інтанацыя, скрыгатлівае «р», дзіўныя доўгія словы. Нямецкая мова асацыявалася ў яго з напружаннем, канфліктам і лаянкай. А часцей за ўсё – з загадамі.
Нарэшце Надзя адклала тэлефон. Потым спыніла афіцыянтку, якая праходзіла міма,