План Бабарозы. Павал Касцюкевіч

Читать онлайн.
Название План Бабарозы
Автор произведения Павал Касцюкевіч
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2016
isbn 978-609-8147-41-4



Скачать книгу

вас асабіста тады… а вашу сям’ю… і… ну… вы самі ўсё разумееце…”

      Дзядзюля радаваўся, што яго прозвішча Шапіра, Бабаманя – што Іванова, а Дзедбарыс, бацька бацькі, чуючы сваё прозвішча Качуня, якое яму дасталася ад зніклых у лагерах бацькоў, яшчэ шчыльней заплюшчваў вочы, і ягоная дурнавата-мройлівая ўсмешка пры гэтым шырэла.

      Радаваліся яны незаўважнасці і някідкасці. Носьбітам такіх прозвішчаў за нашым часам вельмі лёгка ўхіляцца ад падатковых службаў.

      Чальцы Ордэна ніколі не захапляліся хараством моманту, бо не забываліся (ды іншым не давалі забыць), што за прасветлай паласой ідзе чорная. Пасля росквіту абавязкова, абавязкова наступіць заняпад! За бурлівым банкетам заўсёды навальваецца меланхалічнае працверазенне. Пасля жвавенькай маладосці кульгае нямоглая старасць. Усё трухлее, парахнее, выцвітае і лысее. Смех? Недарэчнасць! Радасць? Што яна дасць! Мінздароўя папярэджвае: пасля выпаленай цыгарэты на сценках лёгкіх імгненна пачынае выкрышталізоўвацца рак.

      У поспеху бабулі і дзяды ўжо наперад бачылі руйнаванне, у багацці – банкруцтва. Апошнія гізунты выцягне бессэнсоўная беганіна. Грашовыя багацці зжарэ інфляцыя. Маёмасць і каштоўнасці, як мы ўсе ведаем з нашага тутэйшага досведу, адцяпае сквапная дзяржава. А калі дзяржава будзе ў даважак дэспатычная, дык выме і жыццё. Паратунку няма.

      Аўтар кнігі Эклезіяста, цар Саламон, выдае на тое, таксама належаў да гэтага старадаўняга ордэна вялікіх разумнікаў. Аднойчы, перачытваючы адпаведны раздзел Бібліі, я адразу ж уявіў на нашых сямейных урачыстасцях сярод іншых гасцей і гэтага каранаванага пашыральніка дэпрэсіўных настрояў.

      Вось ён, шматмудры Саламон Давідавіч. У белай фланельцы з кароткім рукавом засядае за святочным сталом у кватэры на вуліцы Чкалава. Скінуў старазапаветныя сандалі ў вітальні і павесіў ерусалімскую карону на чыгунны вяшак, бо Бабароза карае горлам усіх тых, хто ходзіць па доме ў вулічным абутку і вопратцы. І вось ужо зіхціць ягоная ядвабная ярмолка, прашытая золатам і парчой, між убялёнага авечкавымі кудзеркамі цемені Дзядзюлі і сакратаўскага плёха Дзедбарыса.

      Саламон Давідавіч накладае сабе на гжэльскую парцаляну гефельтэ-фіш і крэветкавы салат ды пастарэчы рыпіць: “Ось так ось… Такія справы вынікаюць… Марная марнасць… Пагоня за… (паўза, падчас якой кавалак гефельтэ небяспечна балансуе на відэльцы) …ветрам”.

      Доўгі, доўгі шлях гэтага кавалка да месца прызначэння! Тым часам голасам, поўным філасофскае стомы, засяроджаны на відэльцы Саламон Давідавіч працягвае мармытаць сабе пад нос. Яшчэ нешта пра адсутнасць новага і карыснага пад сонцам, пра немагчымасць крывому выпрастацца, а воку – насыціцца бачаным.

      Аднак тут кавалак гефельтэ, цэлы і здаровы, урэшце прызямляецца на талерку. Саламон Давідавіч спрытненька хапае акраец хлеба і паспешліва завяршае: “…Адным словам, вы самі ўсё разумееце”. І вышнураваны абапал стала дзядоўскі сінедрыён ухвальна ківае галовамі на манер спружынных цацак.