Название | Дзень Святого Патрыка |
---|---|
Автор произведения | Ганна Севярынец |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7097-57-9 |
Размаўлялі паміж сабой яны, натуральна, па-беларуску. Інакш з Сямёнавым было нельга. Марына не супраціўлялася: было цікава, прыемна і прыгожа, а ў ложку дык і наогул – ледзь не страчвала прытомнасць ад усіх гэтых Багданавых «мая каханачка» і «пачакай крышачку, зараз і я». Дарэчы, Марыну заўсёды здзіўляла, якія непрыгожыя, грубыя словы існавалі ў беларусаў для назвы самых пяшчотных частак цела: усе гэтыя «клубы», «сцёгны» і «похвы» каго заўгодна расхалодзяць. Ці то беларусы спакон веку не ўмелі займацца любошчамі інакш, як толькі на сенавале над падсвінкамі, ці то сарамлівая шляхта не пакінула нашчадкам сваю выкшталцоную эратычную спадчыну, якая, без сумненняў, была, але, часам падавалася Марыне, можа, таму і памірала мова, што не ўмела ласкава суправаджаць каханне. Але ж Сямёнаў ніколі не карыстаўся ані «клубамі», ані «сцёгнамі», ані «цыцкамі», тое, што ён казаў ёй бясконцымі шчаслівымі начамі, было наймілейшым у свеце. І раней, і потым Марыне даводзілася чуць у сваім ложку і, вядома ж, рускую, і ангельскую, і нават аднойчы французскую, але ж ніводная не была такой гарачай, як беларуская мова Багдана Сямёнава.
Яе рускую мову ён ненавідзеў. Часам яго ажно перасмыкала, калі яна заварочвала якую-небудзь асабліва жорсткую канструкцыю са збегам зычных ці нізкай родных склонаў. Ёй і самой хацелася з ім размаўляць на той самай мове, якая раптам стала мовай кахання і неспатольнай жарсці.
Яе першы раз па-беларуску здарыўся на чацвёртым курсе і атрымаўся наогул анекдатычным.
Патэлефанавала сяброўка.
«Слухай, тутака адна кабета шукае рэпетытара для дачкі, па беларускай мове» – «Э-э-э…» – «Ды там шосты клас дзяўчынка, ты што, не выкладзеш ёй мову?» – «Ну-у-у…» – «Пяць даляраў за 45 хвілін, а яна яшчэ разважае!»
І Дамейка пагадзілася.
Увесь тыдзень да першага занятку яна запіхвала ў галаву родную мову. Прачытала два тамы Быкава і тры – Караткевіча. Сцяўшы зубы, вывучыла на памяць аповед Змітрака Бядулі пад сакраментальнай назвай «Пяць лыжак заціркі». Прачытала перад люстэркам паэму Купалы «Бандароўна», каб замацаваць маўленне. Мова ў галаву ўваходзіла, але назад не выходзіла. Калі Марына адкрывала свае рускамоўныя вусны, з іх вылятала толькі нешта накшталт «э-э-э… менавіта… менавіта нешта… добры дзень… да пабачэння… дзверы зачыняюцца… дзякуй за ўвагу».
З рызыкай для інтэлекту Дамейка здабыла ў школьнай бібліятэцы падручнік белмовы для шостага класа, перагартала яго з першай старонкі да апошняй, а потым і ў адваротным парадку, і паехала да дзяўчынкі.
– Ну, – бадзёра пачала яна занятак, – сёння мы з табой пазнаёмімся і распавядзём адно аднаму, што мы ведаем пра беларускую мову! Дарэчы, «пазнаёмімся» – гэта якая часціна мовы?
Ёй падалося, што такі вытанчаны пераход ад