Тэатр шчасьлівых дзяцей. Ольгерд Бахаревич

Читать онлайн.
Название Тэатр шчасьлівых дзяцей
Автор произведения Ольгерд Бахаревич
Жанр Зарубежные детские книги
Серия
Издательство Зарубежные детские книги
Год выпуска 2021
isbn



Скачать книгу

сказаў я. – Мне гэта не падабаецца. Мы так пасварымся хутка. І без усялякай прычыны. Такі дзень быў файны. І вось табе маеш. Вы заўважылі, як у нас настрой зьмяніўся? Усе нейкія злосныя зрабіліся…»

      «Гэта таму што цёмна, – сказаў Анцік. – І есьці ўжо хочацца. Ты казаў, там на кухні семкі? Юля, ты такая сьмелая, можа, сходзіш хуценька?.. Туды і назад? А?»

      «Давайце я бацькам патэлефаную, – вырашыў я. – Пацерпіш».

      Мы выйшлі зь цёмнай спальні, я навобмацак знайшоў сярод падушак на канапе свой мабільны і набраў тату, але ён не адказваў. Тады я набраў маму, але і яна не падняла трубку. Напэўна, і праўда таньчаць там, на лецішчы. Уключылі музыку на ўсю катушку – вось і ня чуюць. Бацькі, называецца. Забаўляюцца сабе недзе за горадам, а пра сына і забыліся. Мой тэлефон, між іншым, амаль разрадзіўся, а электрычнасьці не было. Вось захочуць мне пазваніць, праверыць, як я тут маюся, ці жывы, ці дыхаю яшчэ, а ня змогуць. Можа, я тут у лужыне крыві даўно валяюся. Ці алергія пачалася. Хай тады свайму Кабінетавічу тэлефануюць. Таму самаму Кабінетавічу, які загадкава зьнік і ніхто ня ведае, дзе яго шукаць. Кінуў нас адных. А яшчэ дарослы чалавек. Раманіст. Ну окей. Хай тады бацькі кусаюць локці. Самі яго паклікалі. Я б і безь яго спакойна пераначаваў. Не маленькі.

      Анцік і Юля, ледзь бачныя ў цемры, моўчкі сачылі за маімі спробамі дазваніцца. Я чуў, як яны напружана дыхаюць.

      «Вам, мабыць, дахаты пара, – спахапіўся я, зірнуўшы на гадзіньнік свайго мабільнага. – Юль, твае бацькі, відаць, ужо хвалююцца. І твае, Анцік. Вас жа толькі да дзевяці адпусьцілі, а ўжо дзясятая гадзіна».

      І зноў мой голас задрыжаў. Бо, шчыра кажучы, сёньня мне зусім не хацелася заставацца на ноч аднаму ў пустой і цёмнай кватэры. І нават калі б сьвятло ўключылі – хто захоча начаваць у адзіноце пасьля такіх дзіўных здарэньняў.

      «Слухай, Лявон, – сказала Юля, нібы прачытаўшы мае думкі. – Я лічу, цябе нельга пакідаць тут аднаго. Зараз я сваім бацькам пазваню і скажу, што застануся ў цябе да раніцы».

      Я з сумневам паглядзеў у той бок, дзе яна сядзела. Яе твару не было відаць, але я бачыў, як бялеюць у цемры зубы. Яна што, усьміхалася?

      «Але бацькі цябе не адпусьцяць, я іх ведаю», – сказаў я і ўздыхнуў.

      Рэч у тым, што Юліны бацькі верылі ў Бога. Божанька ўсё бачыць, расказала нам неяк Юля, і няясна было, яна сама так думае ці ёй трэба так думаць, каб бацькі на яе не сердавалі. Як гэта ўсё ж складана: жыць, верачы ў Бога. Калі ня можаш нікуды схавацца, нават на хвілінку. Вось мае бацькі, напрыклад, лічылі, што ў дзіцяці павінен быць свой пакой. А ў Юлі свайго пакоя не было. То бок ён быў, канечне, але які ж гэта свой пакой, калі з табой увесь час жыве Бог. Нібы старэйшы брат ці сястра. А яшчэ Бог чамусьці не любіў, калі Юля начавала ня дома. І хоць яна ніколі гэтага не рабіла, Бог усё роўна быў супраць.

      Цікава, падумаў я: калі Бог і праўда існуе, ці бачыць ён у цемры? Што ён бачыць, калі ў кватэры выключаецца электрычнасьць? Ці бачыць ён нас? Я ўпотай пакалупаўся пальцам у носе, але Бог пакуль што прамаўчаў. Можа, не заўважыў проста. А можа, убачыў і запомніў. І паставіў птушку насупраць майго імя. Калі