Название | Эксгумацыя |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 1997 |
isbn |
Раздзел дарожна-транспартных здарэнняў Смаляк звычайна не чытаў, хапала i крымiнальных злачынстваў, але сёння, хутчэй па звычцы, перагарнуў некалькi старонак i ўжо хацеў адкласцi гэты занятак, як позiрк зачапiўся за знаёмае прозвiшча. Следчы засяродзiўся i прачытаў:
«У пятнiцу дваццаць першага лiпеня 1995 года а дзевятнаццатай гадзiне на вулiцы Талбухiна, супроць дома нумар чатырнаццаць, аўтамашына замежнай вытворчасцi AUDI-100, дзяржаўны нумар 21–44 МI, якой кiраваў грамадзянiн Цвiркун Анатоль Iванавiч, здзейснiла наезд на грамадзянку Шашок Казiмiру Францаўну. У вынiку здарэння пацярпелая Шашок К. Ф. атрымала цяжкiя цялесныя пашкоджаннi i шпiталiзавана».
Ад нечаканасцi ў Смаляка ажно перахапiла дыханне, непрыемны хваравiты халадок слiзгануў па нагах, спiне i сцiшыўся недзе ў патылiцы. Iнтуiцыя падказвала, што гэта не звычайнае дарожнае здарэнне, не выпадковае.
«Хто такi гэты Цвiркун? Што ён гаворыць? Чаму менавiта пасля размовы са мной Шашок апынулася за пяць кварталаў ад сваёй хаты? Яна ж, наколькi я памятаю, нiкуды не збiралася».
Смаляк, спадзеючыся пачуць адказы на свае пытаннi, рашуча набраў нумар тэлефона начальнiка дзяржаўтаiнспекцыi раёна i, моцна прыцiскаючы слухаўку, з хваляваннем чакаў. Трубку доўга не падымалi, i, калi нарэшце пачуўся прыемны барытон Шаўцова, следчы адрэкамендаваўся i, стрымлiваючы нецярпенне, папрасiў удакладнiць абставiны наезду на Шашок.
– Радавое здарэнне, – адразу ўпэўнена адказаў Шаўцоў i катэгарычна дадаў: – Жанчына сталага веку пераходзiла дарогу ў забароненым месцы i трапiла пад колы машыны. Мы правялi следчы эксперымент i вiны вадзiцеля не ўгледзелi, у такiх абставiнах пазбегнуць наезду было немагчыма.
– А што гаворыць сама Шашок?
Смаляк разумеў, што гэтае пытанне лiшняе, трэба самому ехаць у бальнiцу i там шукаць адказы.
– З жанчынай кепска, – з жалем у голасе адказаў Шаўцоў. – Яна з моманту аварыi знаходзiцца ў коме i нiякай надзеi на тое, што застанецца жыць.
– Я хачу прысутнiчаць на допыце Цвiркуна.
– Справу вядзе следчы Канаплянiк, ён вас папярэдзiць, – запэўнiў Шаўцоў.
Праз паўгадзiны Смаляк быў у бальнiцы i адразу падняўся на чацвёрты паверх у рэанiмацыйнае аддзяленне. Загадчык аддзялення Адам Пятровiч Зайцаў, трыццацiпяцiгадовы маладжавы мужчына, з якiм Смаляк быў даўно знаёмы, пачуўшы прозвiшча Шашок, толькi развёў рукамi.
– Надзеi анiякай, – i, каб пацвердзiць