Название | Эксгумацыя |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 1997 |
isbn |
Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фiранкi ў крайнiм вакне варухнулiся i следчы ўбачыў праз цюль сiлуэт жанчыны, якая, цiкуючы за iм, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апекi, але жанчына не спяшалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадынi рукой, – толькi варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы i ашчэрылася.
– Пальма, фу! – на сцяжынцы з’явiлася бялёсае, кiрпаносае дзяўчо гадоў дзесяцi ў лёгкай жаўтаватай сукенцы. – Пальма, марш на месца! – ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.
Аўчарка нехаця азiрнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгiм, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.
– Каму сказана, марш у будку! – пiсклява крыкнула дзяўчынка i падняла з зямлi таўставаты дубчык. Толькi цяпер, убачыўшы ў руках гаспадынi дубец, Пальма павярнулася i нехаця пасунулася прэч, зласлiва азiраючыся на Смаляка. Сiлуэт у вакне знiк, бразнулi дзверы, i з-за хаты шустра вынырнула невялiкага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, якi перазiмаваў на дрэве, старая. Яна прыдзiрлiва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвiлых вачах заiскрылiся хiтраватыя агеньчыкi, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.
– Ну што, алкаш, папаўся? Малiнай ласаваўся цi гуркi на закусь спёр? – прашамкала бяззубым ротам старая i, азiрнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: – Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзім злодзея ў мiлiцыю…
Толькi цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховiка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала i паводзiла сябе зусiм iнакш: на пытаннi адказвала блытана, неўпапад, была чымсьцi заклапочаная i штохвiлiнна скардзiлася на ламоты ў касцях, дрэнны слых i благую памяць. Цяпер перад iм стаяла шустрая i задзiрыстая жанчына, куды падзеўся радыкулiт, няма ў руках крывулiстай кавенькi, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногi.
– Калi я не памыляюся, Вы – Казiмiра Францаўна Шашок, – прыгадаў прозвiшча старой Смаляк i, выцягваючы з кiшэнi пасведчанне, прадставiўся: – А я, можа памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць i мiлiцыю турбаваць не будзем.
Гаспадыня нават не зiрнула на дакумент, а падалася ўперад i, уважлiва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкi з паперамi. У гэты момант твар яе прасвятлеў, i Смаляк зразумеў, што яго пазналi.
– От цяпер прыпамiнаю, – расцягваючы словы, замiтусiлася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкi, нешта прашаптала ёй на вуха i, ухапiўшы сабаку за ашыйнiк, павяла за хату. – Праходзьце, таварышок начальнiчак, госцем будзеце, – хiтравата пазiраючы на следчага, крыкнула гаспадыня i забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкi. – А мы з унучкай ягады збiралi, як чуем – Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе, – пяшчотна нахвальвала сабаку бабуля. —Памятаю,