Название | Палескія рабінзоны |
---|---|
Автор произведения | Янка Маўр |
Жанр | Книги для детей: прочее |
Серия | |
Издательство | Книги для детей: прочее |
Год выпуска | 1930 |
isbn | 978-985-02-1304-4 |
– А чаму ж ты сам не сцяміў?
– Усё сам ды сам, а твая галава навошта?
– Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?
Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:
– Рана хваліцца новым спосабам – невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў…
– …месяцы са два, – у тон яму прадоўжыў Мірон.
Віктар паглядзеў на яго і… шчыра зарагатаў.
Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!
Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.
Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.
На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:
– Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.
– Ды хіба ж я хацеў? – пакорна апраўдваўся Віктар.
Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.
Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!..
– Ура! Давай, давай яшчэ! – закрычалі хлопцы, як вар'яты.
Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і… бліснула іскра!
– Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!..
Праз хвіліну хлопцы сядзелі ля агню. На тварах іх свяцілася такое шчасце, якога яны ніколі не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці. Надыходзіў вячэрні змрок, і ад гэтага яшчэ ўтульней было каля агню.
– Нездарма першабытныя людзі пакланяліся агню, – разважаў Мірон, – нездарма і рэлігіі вядуць пачатак адсюль. Мне самому хочацца маліцца на яго. Усе мы так прызвычаіліся да агню, нам так лёгка здабываць яго, што нам здаецца, нібы гэтак заўсёды было і іначай быць не можа. Толькі ў такім становішчы, як мы, можна добра адчуць, што такое агонь, можна ўявіць, як жылі тыя людзі, што не ведалі яго.
Ён пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Змрок згушчаўся. А разам з гэтым ярчэла святло ад агню.
І Віктар сядзеў нерухома, не зводзячы вачэй з агню. Яны нават на некаторы час забыліся на ежу.
Нарэшце Віктар ускочыў і крыкнуў:
– Навошта ж я тады сырое мяса еў? Ты выкруціўся ад гэтага, а я дарэмна пакутаваў. Не, брат, так нядобра. Ты таксама павінен пакаштаваць.
Ён ухапіў зайца і пачаў соваць яго Мірону ў рот. Пачалася вясёлая тузаніна.
– Пачакай! – крыкнуў Мірон засопшыся. – Ты ж цяпер маеш перавагу. Табе гэта нічога не пашкодзіла, а між тым ты можаш цяпер хваліцца, што ўсё перажыў на сваім вяку, нават сырое мяса еў.
– А што ты думаеш? Яно і сапраўды так, – згадзіўся Віктар. – Ну, давай гатаваць вячэру.
Але зараз жа выявілася,