Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец

Читать онлайн.
Название Дзень Святого Патрыка
Автор произведения Ганна Севярынец
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2017
isbn 978-985-7097-57-9



Скачать книгу

адразу: і хвост, і рогі, і кіпцюры, пад якімі забілася чорным беражком пякельная сажа, – і ўжо не падманваеш сябе верагоднай наяўнасцю ў яго анёлавых крыльцаў пад модным сурдутам, але ж кахаеш так, што толькі скальпелем выразаць.

      А то яшчэ бывае – фантомны боль. Здаецца, і няма ўжо чаму балець, а цягне, і цягне, і цягне…

      Як мне выказаць гэтую невыносную пакуту – каханне да чалавека, якога больш няма? Здаецца, ну няхай было б яно нешчаслівым, аднабаковым, але каб толькі ён быў, каб посціў зрэдку свае фоткі ў сацыяльных сетках, і нават няхай былі б на іх і жонка ягоная, і дзеці, а ты б разглядала гэтыя родныя, знаёмыя да кожнай змурачкі рысы, малады віхор на макаўцы, тыя самыя плечы, тыя самыя рукі і прыкмячала б сваё, патаемнае – вось гэтыя плямы поту пад пашкамі, ён так лёгка пацее, асабліва калі хвалюецца… Але ён нічога не посціць, яму нельга патэлефанаваць і памаўчаць у слухаўку, і ён не патэлефануе і не памаўчыць, такая была ў іх завядзёнка – тэлефанаваць адзін аднаму і супольна маўчаць. Яго проста няма, і гэтая невыносная пустэча ў часе і прасторы не зацягнецца ніколі і будзе балець, балець, балець, цярпіма, канешне, але ж доўга і працягла, бо можна разлюбіць жывога, але нельга – мёртвага.

      Таму і настойваюць людзі дасведчаныя: дзерганула дзе – ідзі і лячыся. Неадкладна. Не чакаючы, пакуль пачнецца сапраўдны боль. Яны так упэўненыя таму, што самі не так даўно з аперацыйнай. Ведаюць, як яно бывае.

      Але ж кажуць, што настане час, калі і гэта скончыцца. Старым, кажуць, зубы не баляць. У каго – адпрацаваная звычка да стаматалагічных кабінетаў, у каго – пратэзы.

      Крый божа.

      2

      Чамусьці менавіта гэты дзень яны з аднакурснікамі святкавалі заўсёды, з самага першага курса, калі выпадкова трапілі на адмысловы напаўсамадзейны канцэрт, які ладзілі мясцовыя школьнікі з ласкі нейкай замежнай амбасады (зразумела, ангельскай, але Марына чамусьці любіла думаць, што амбасада была ірландская). На танна аздобленай сінімі і зялёнымі балончыкамі і блішчастым серпанцінам сцэне танчылі, убіваючы пяткамі ў пол сваё хваляванне, даўгалыгія і ненатуральна рыжыя дзеці ў чэшках, музычнае суправаджэнне часам пачынала трымцець і пыкаць, але ж гэтыя валынкі і скрыпкі былі такімі захапляльнымі і зайздросна вясёлымі, што хацелася выйсці ў праход, закласці рукі за спіну і колькі разоў узбрыкнуць, падкідваючы ногі да па-бядняцкі раскошнай люстры Палаца прафсаюзаў.

      Былі яшчэ дзве такія культуры, акрамя ірландскай, якія падабаліся Марыне «па ўмаўчанні»: украінская і шатландская. І музыка, і літаратура, і тэатр (кіно і жывапісам Марына асабліва не цікавілася) выклікалі цікавасць адной толькі нацыянальнай прыналежнасцю. У ірландцаў ёй падабаўся нейкі ўнутраны, глыбока схаваны, але ж адчувальны ў музычным рытме ці колькасці вершаваных складоў рух – несупынны, вечны, нескароны, як тыя ногі танцораў, што выкідваюць дзівосныя каленцы пры цалкам нерухомым корпусе і руках. Шатландцы натхнялі глыбінёй і адначасова прастатой: нічога, акрамя галоўнага. Шатландцу, падавалася Марыне, няцяжка паміраць: