Название | Дзень Святого Патрыка |
---|---|
Автор произведения | Ганна Севярынец |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7097-57-9 |
Але якая справа Дамейцы да іншых моў? Сёння яна пачынала працаваць на стэлажах, і хаця Марына не любіла пафасу і сімволікі, але першай сёння прынесла з дому менавіта гэтую кніжку.
Чырвоны томік «Кнігазбору», які калісьці яна вазіла з сабою ўсюды: «Філаматы і філарэты», укладанне, прадмовы, пераклады і каментары Кастуся Цвіркі. Міцкевіч, Зан, Чачот, зялёныя туганавіцкія палі, халоднае паветра Свіцязі, грукат віленскай брукаванкі, гулкае рэха ўніверсітэцкіх калідораў і выведзеныя каліграфічным почыркам сарамлівыя лісты Марылькі Верашчакі…
Адаме, як жа я цябе разумею. Свет сваёй зямлі, які трэба выказаць чужою мовай. Пакуты суаднесенасці. Немагчымасць перакладу. Ідэальны свет страчанай назаўсёды Радзімы і рэальны свет чужой пераможнай мовы. Рамантызм як ён ёсць, у падручнік не глядзі.
Сама Дамейка ніколі не лічыла Міцкевіча польскім паэтам, як ніколі не лічыла сябе рускай, Свіфта ці Джойса – ангельцамі, а Лукаша Бэндэ – беларусам. Так, гэта было складана патлумачыць у навуковых катэгорыях і наогул выкарыстоўваць у якасці аргумента, але сама сабе яна нічога і не даказвала, а сёння не павінна была даказваць наогул нічога і нікому.
Ну а як ты дакажаш, што адзін з самых беларускіх на свеце вершаў быў напісаны на польскай мове пра крымскія стэпы?
Уз’язджаю на прастор сухога акіяну.
Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе,
У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,
Мінуючы кусты калючага бур’яну.
Змяркаецца. Ня знаць ні шляху, ні кургану.
Гляджу на небасхіл, мо, зорка блісне дзе.
Вось хмарка там – на ёй свет водбліскі кладзе:
То за Днястром маяк мігціць ля Акерману.
Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,
А іх і сокала не ўгледзець быстры зрок.
Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша,
Як склізкі вуж паўзе і крыецца ў змрок.
Такі спакой, што каб паклікаў хто ў Літве —
Пачуў бы я… Дарма! Ніхто не пазаве.
Дамейка заўжды хвалявалася прадчуваннем літаратуразнаўчага адкрыцця побач з гэтым вершам, перакладзеным дваццацідвухгадовым Уладзімірам Жылкам: сам Жылка на той момант быў яшчэ толькі пачаткоўцам, ва ўласных вершах яшчэ толькі намацваў сваю сцежку, не вельмі ўдала рыфмаваў і не трымаў рытму, але як бліскуча, як дакладна пераклаў Міцкевіча! Ніводны рускі пераклад славутага крымскага санету не мог параўнацца з Жылкавым! Недзе тут,