Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По

Читать онлайн.



Скачать книгу

уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў». Нарастанне трывогі адбываецца дзякуючы на першы погляд выпадковаму, а насамрэч заканамернаму перасячэнню логікі ўнутранага маналога героя, які тужыць па прыўкраснай Лінор, з асэнсаваным адказам крумкача. У выніку слова nevermore набывае супрацьлеглы сэнс і пачынае абазначаць пакуту няпэўнага існавання на мяжы надзеі й безнадзейнасці.

      Самабытнасць і супярэчлівасць несмяротных твораў Эдгара По шмат у чым абумовіў дзіўны сплаў амерыканскай і еўрапейскай культураў у перыяд фармавання нацыянальнай літаратуры ЗША. З імем Э. По звязанае станаўленне амерыканскага рамантызму, які адлюстраваў працэс набыцця нацыянальнай самасвядомасці (рух натывізму) пасля перамогі ў вайне за незалежнасць ад Брытаніі. У спалучэнні жанравых формаў еўрапейскага рамантызму і культурна-гістарычных рэаліяў амерыканскага жыцця нараджаўся новы мацярык на мапе сусветнай літаратуры: «галандскія» навелы Вашынгтона Ірвінга, гістарычныя раманы Фенімора Купера, псіхалагічная проза Натаніэла Готарна, «марскі» раман Генры Мэлвіла.

      Аднак менавіта з По пачалася сусветная слава амерыканскай літаратуры, якая не толькі пераадолела стадыю вучнёўства і зраўнялася з літаратурай еўрапейскай, але і змагла яе апярэдзіць. Эдгар По сваімі мастацкімі здзяйсненнямі ў паэзіі і навелістыцы здолеў выйсці за межы актуальных задачаў нацыянальнай літаратуры і пракласці дарогу новым кірункам і жанравым формам у развіцці еўрапейскай і сусветнай літаратуры.

Нарынэ Шахназаран

      Апавяданні

      Метцэнгерштэйн

      Pestis eram vivus – moriens tua mors ero.[3]

Марцін Лютэр

      Ва ўсе часы чалавека паўсюль пераследавалі жах і лёс. Навошта тады ўдакладняць, калі адбылася мая гісторыя? Хопіць і таго, што ў апісаную пару ва ўнутраных рэгіёнах Венгрыі была шырока распаўсюджаная таемная вера ў дактрыны метэмпсіхозу*. Не буду нічога казаць пра самі дактрыны, іх памылковасць ці праўдападобнасць, аднак я ўпэўнены, што наш недавер (так Лабруер* называў усе нашыя няшчасці) «vient de ne pouvoir etre seuls».[4]

      Асобныя з гэтых венгерскіх прымхаў амаль межавалі з абсурдам. Яны, венгры, істотна адрозніваліся ад сваіх усходніх уладцаў. Душа, казалі, напрыклад, яны (цытую паводле аднаго вельмі дасціпнага і разумнага парыжаніна), «ne demeure qu’un seul fois dans un corps sensible: au reste – un cheval, un chien, un homme meme, n’est que la ressemblance peu tangible de ces animaux».[5]

      Сем’і Берліфітцынгаў і Метцэнгерштэйнаў варагавалі стагоддзямі. Ніколі раней два такія магутныя дамы не яднала такая бязлітасная нянавісць. У часы нашай гісторыі адна змарнелая і злавесная старая вядзьмарка сказала, што «хутчэй змяшаюцца вада і агонь, чым Берліфітцынг падасць руку Метцэнгерштэйну»*. Крыніцу гэтае варажнечы можна, відаць, знайсці ў словах старадаўняга прароцтва: «Страшным будзе падзенне высокага імені,



<p>3</p>

Жывучы, я быў тваёй чумой, паміраючы, зраблюся тваёй смерцю (лац.).

<p>4</p>

…выцякае з таго, што мы не ўмеем быць адны* (фр.).

<p>5</p>

…толькі аднойчы ўсяляецца ў жывое цела – каня, сабакі, нават чалавека, бо розніца паміж імі не такая ўжо вялікая (фр.).