Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По

Читать онлайн.



Скачать книгу

і я спалохаўся жахлівых думак, што авалодалі мною, і страшэнных спакусаў, якія апанавалі мяне, бо з нейкага далёкага і невядомага краю прыбыла да вясёлага двара караля, якому я служыў, панна, краса якое адразу ж паланіла маё нявернае сэрца. Без ваганняў кінуўся я да яе ног у самым палкім, самым пакорным любоўным пакланенні. Бо ці ж маглі мае пачуцці да юнае дзяўчыны зраўнацца з тою палымянасцю, з тым шалам, з тою нябеснаю асалодаю пакланення, з якімі я выліў у слязах усю сваю душу незямной Эрменгардзе? О, светлы серафім Эрменгарда! Гэты вобраз прагнаў з мае памяці згадкі пра іншую. О, боскі анёл Эрменгарда! Углядаючыся ў глыбіню яе незабыўных вачэй, я думаў толькі пра іх – і пра яе.

      Я ажаніўся і не страшыўся праклёну, які наклікаў на сябе; і горыч ягоная не спасцігла мяне. Аднаго разу, усяго аднойчы, сярод начное цішы праз краты акна да мяне данесліся мяккія ўздыхі, даўно ўжо забытыя мною, і я пачуў такі знаёмы пяшчотны голас:

      – Спі спакойна! Бо над усім пануе Дух Кахання, і, аддаўшы сваё сэрца той, каго завеш Эрменгардаю, ты вызваляеш сябе ад абяцанняў, што даваў Элеаноры. Чаму? Пра тое дазнаешся на нябёсах.

Пераклала Вераніка Сідарэнка

      Сэрца выкрывае

      Праўда! Я быў і застаюся нервовы, вельмі, нават жахліва нервовы; але ж чаму вы кажаце, што я – вар’ят? Хвароба абвастрыла мае пачуцці – ані не паслабіла, не прытупіла іх. Найвастрэйшае з усіх было пачуццё слыху. Я чуў усё, што адбывалася як на небе, так і на зямлі. Я чуў ці не ўсё, што чынілася ў пекле. Дык няўжо ж я – вар’ят? Паслухайце й майце ўвагу, як разважліва я магу апавесці ўсю гісторыю.

      Нельга сказаць, як упершыню гэтая ідэя прыйшла мне ў галаву, але, прычапіўшыся аднаго разу, яна не пакідала мяне ні ўдзень, ні ўночы. Тут не было ні намеру, ні абвостранае жарсці. Я любіў гэтага старога. Ён аніводнага разу не зрабіў мне нічога кепскага, не пакрыўдзіў мяне. Я не зважаў на ягонае золата. Здаецца, прычынаю ўсяго было ягонае вока, менавіта яно! Вока, бледнае й блакітнае, зацягненае плеўкаю, было падобнае да вока грыфа. Калі ж яно натыкалася на мяне, мая кроў халадзела; гэтак спакваля я надумаў забіць старога, каб назаўжды пазбавіцца гэтага вока.

      Вось і ўся рахуба. Мяркуеце, я – вар’ят? Вар’яты нічога не цямяць. Каб жа вы бачылі мяне, бачылі, як адмыслова я ўсё рабіў – з якою перасцярогай, з якою прадбачлівасцю, з якім удаваннем распачаў я работу! Ніколі я не ставіўся да старога так добра, як за тыдзень перад забойствам. І штоночы, блізу дванаццатае, я падымаў клямку ягоных дзвярэй і прачыняў іх – ціха-ціха! А пасля, зрабіўшы дастатковую для свае галавы шчыліну, я скіроўваў туды добра зачынены, каб не бліснула святло, зацемнены ліхтар, а ўслед ужо засоўваў галаву. Вас ахапіў бы смех, калі б пабачылі, як умела я прасоўваў яе. Я сунуў яе паволі, зусім паволі, каб не патурбаваць старога ў сне. Цэлая гадзіна ішла на тое, каб памясціць маю галаву ў шчыліне так, што я мог бачыць старога на ложку. Га!.. Хіба ж мог вар’ят дзеяць так разважліва? А калі мая галава трапляла ў пакой, я з асцярожнасцю расчыняў ліхтар, на