Название | Трэцяе пакаленне |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1935 |
isbn | 978-985-02-1090-6 |
Гэта ўжо зусім пахла здзекам. Кандрат Назарэўскі закрычаў:
– Марш!
Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі адчуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Вельмі паволі ўехалі яны ў малады ельнік – страшэнная гушчыня. Конь яшчэ горш пайшоў. Кандрат Назарэўскі злез з воза і пайшоў побач. Злез і Скуратовіч. Ёльнік неўзабаве разбегся, і, уся залітая сонцам, бліснула аўсяная паляна. Жанок дзесяць жалі авёс. Першая ад дарогі жала дзяўчына, зусім маладзенькая, яшчэ падростак. Яна як адагнулася глянуць, хто едзе, Кандрат Назарэўскі ўбачыў моцны, як тонка вытачаны, твар з загарам, густыя рыжаватыя валасы, белую хусцінку на самым версе галавы. Глянуўшы на фурманку, яна зусім пакінула жаць і асталася так стаяць, пакуль не пад’ехалі бліжэй. Ёй было год каля чатырнаццаці.
– У фурманку? – сказала яна, цікаўна гледзячы то на Скуратовіча, то на чырвонаармейца.
– Але, – панура адказаў Скуратовіч.
– Чаму ж вы, дзядзька, добрага каня не запрэглі?
Яна не зміргнула вокам, гледзячы на Скуратовіча. Жанчыны некаторыя ўсміхнуліся, некаторыя яшчэ ніжай нагнуліся жаць, а самі ўсё паглядалі на дарогу. Скуратовіч паціснуў плячыма і паглядзеў на чырвонаармейца. Што, значыцца, з ёю гаварыць! Чырвонаармейцу ж вядома, што коней у яго дома няма!
Дзяўчына ўсё глядзела на Скуратовіча. Гэта была самая шчырая, можна сказаць, дзіцячая наіўнасць. Яна зусім ужо выйшла на дарогу. Кандрат Назарэўскі заўважыў, як густа ад загару вяснушкі ўкрылі яе твар. Ён спыніў каня. Скуратовіч загаварыў да дзяўчыны, ядучы яе вачыма:
– Дзе ж тыя коні! Няма ж дома.
– А ў ельніку ж! Вунь жа блізка. Толік жа там з коньмі.
Цяжка было разабраць – ці гэта ад наіўнасці, ці гэта сумысля, нават зларадна.
– Што ты дурыш! – аж затросся Скуратовіч.
Угнуўшы плечы, яна пачала жаць.
– Марш па коні! – загадаў чырвонаармеец – Жыва!
Скуратовіч пайшоў у ельнік. Жанкі са здзіўленнем паглядалі на дзяўчыну. Яны спачувалі ёй. Чырвонаармеец разгаварыўся з ёю:
– Гэта Скуратовічаў авёс жнеце?
– Але.
– У лесе з коньмі гэта сын яго?
– Сын.
– Чаму ж ён не ў арміі?
– Ён яшчэ перад палякамі, як было адступленне, уцёк дадому. 3 першага дня, як прыйшлі палякі, яго ўжо бачылі дома. А цяпер ён у лесе, коні трымае. Ператрымаў увесь час, пакуль армія прайшла. Ніхто і не ведаў. Няма коней і няма. У абоз, значыцца, пагналі. Так усё стары казаў.
– А ён цяпер у армію пойдзе?
– Хто яго ведае. Толькі ўчора павыклейвалі ў нас загад – за некалькі год хлапцам трэба з’яўляцца. Яго году таксама трэба. З’яўляцца трэба праз дзесяць дзён. Ці пойдзе ён, ці не – хто яго ведае. Тут і больш ёсць дэзерціраў. Гавораць, што пойдуць, хто іх ведае.
Скуратовіча ўбачылі па гэты бок ельніку. Ён вёў на повадзе чорнага каня. Запрагаючы, ён сказаў, ні на кога не гледзячы:
– Вядома. Кожнаму чалавеку вайна страшна. Кожны ратуецца, як можа. Я мучыўся, гараваў…
Яны паехалі. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Многа так ехаць ён не