Название | Трэцяе пакаленне |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1935 |
isbn | 978-985-02-1090-6 |
– Усялякая напасць на нас. Наш сын у Чырвонай Арміі.
Зося выйшла і глядзела, як чалавек у чорным фрэнчы стаяў перад Скуратовічам і як Скуратовічыха выцірала слёзы. Камісар сказаў:
– Я вас арыштую.
– Воля ваша, але я не вінаваты.
У Скуратовіча быў самы нявінны твар. У гэтую хвіліну і поза, і твар яго былі такія, як тады, калі ён вёз Кандрата Назарэўскага на кульгавым кані. Камісар зноў загаварыў:
– Вы ў воласці гаварылі таксама, што ў вас няма збожжа. I сказалі няпраўду.
– Праўду сказаў.
– Пабачым.
– Ну, хадзем, будзем шукаць, – сказаў нарэшце Скуратовіч. – Давайце абыдзем і абгледзім усё.
– Тут каго-небудзь няма чужога вам за сведку? Добра было б, каб двух чалавек.
– Дзе я вам іх вазьму?
– Гэта дачка? – паказаў камісар на Зосю.
– Я тут служу.
– Сваячка, – падказала Скуратовічыха.
– Ну, усё адно, – узрадаваўся камісар. – Пойдзем з намі.
Ідучы, ён разгаварыўся з ёю:
– Блізкая сваячка?
– Далёкая.
– Добра тут вам?
– Служу, – адказала яна.
Можна было заўважыць, што камісар расчараваўся: наўрад ці паможа яна мне. Яна глядзела на камісара і думала: «Скажу яму, дзе жыта схавана. Усё адно я тут намерылася больш не служыць. Я яму ўсё пра сябе раскажу». Спачатку пайшлі ў гумно. Чырвонаармейцы шукалі пад леташняй саломай. Скуратовіч неўзаметку сказаў да Зосі:
– Колькі б ні шукалі, што за карысць, калі ніякага жыта няма Ён выпрабоўваў на ўсялякі выпадак: а можа, як і падгледзела яна?
– Ёсць, – адказала яна.
– Дзе ж яно, калі ёсць? – злосна настаражыўся ён.
– У вазоўні закапана, а наверсе сані і колы стаяць.
Ён аслупянеў. Але тут жа пастараўся не падаць віду.
– Зараз павяду туды, хай глядзяць.
У яго яшчэ тлела рэштка думкі: а можа, яна не ведае, а так сабе, на маны сказала і ўгадала. Але чаму яна так гаворыць, што з ёю робіцца?
– Што тут шукаць, тут няма, – сказала яна.
Як быццам што сціскала ёй рот, – такое раптам стала ў яе адчуванне. Ёй ужо больш цяжка было выгаварыць і слова. «Зараз скажа», – думаў Скуратовіч.
– А дзе яно, збожжа? – з надзеяй павярнуўся да яе камісар. Але пакуль ён гэта сказаў, Скуратовіч шапнуў ёй:
– Маўчы, я табе колькі пудоў жыта дам.
Ёй аж дыхаць стала цяжка ад хвалявання. Некалькі пудоў. Гэтулькі ніколі не было пад іхняй там, дома, страхою. Твар яе пабялеў, стукнула ў вушах. Яна маўчала, лепш бы яна не ішла сюды зусім, так ёй было цяжка ў гэты момант. Камісар пакінуў на яе глядзець і загадаў:
– Будзем капаць.
Адкінулі салому і пачалі капаць. Скуратовіч аж енчыў:
– Няма, няма, нідзе няма!
Зямля