Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл

Читать онлайн.



Скачать книгу

яшчэ. Адсюль і клятвы вернасці на Бібліі, і намёкі на тое, што проста ў дзень вяселля можа раптоўна нешта здарыцца. Джэймс Віндыбэнк хацеў, каб міс Сазэрлэнд была прывязаная да Хосмера Энджэла і, не ведаючы нічога пра ягоны лёс, прынамсі гадоў дзесяць не звяртала ўвагі на іншых мужчынаў. Ён давёў яе да дзвярэй царквы, але далей ісці не мог, таму без асаблівых цяжкасцяў выпарыўся, выкарыстаўшы стары фокус: зайшоў праз адны дзверы экіпажа, а выйшаў праз іншыя. Думаю, я правільна ўзнавіў хаду падзеяў, містэр Віндыбэнк.

      Наш госць тым часам крыху апамятаўся і ўстаў з крэсла з халоднай усмешкай на бледным твары.

      – Можа, так, а можа, і не, містэр Холмс, – сказаў ён. – Але калі вы такі ўжо разумны, вы скеміце і тое, што закон тут парушаеце вы, а не я. Я нічога супрацьзаконнага не рабіў адпачатку, а вось вы, замкнуўшы дзверы, даяце падставы для пераследу за гвалт і прымус.

      – Так, маеце рацыю, па законе вам нічога не зробіш, – сказаў Холмс, адмыкаючы і расчыняючы дзверы. – Але няма чалавека, які заслугоўваў бы пакарання больш, чым вы. Калі б у гэтай дзяўчыны быў бацька ці сябар, ён мусіў бы добра адхвастаць вас бізуном.

      На твары Віндыбэнка праслізнула з’едлівая ўсмешка, і Холмс, убачыўшы яе, успыхнуў.

      – Ах вось як, – сказаў ён. – Што ж, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі, але паляўнічы бізун так блізка, што я, бадай, зраблю сабе прыемнасць…

      Холмс зрабіў два крокі, але не паспеў ён узяць бізун, як цяжкія крокі пагрукалі па лесвіцы, гучна стукнулі ўваходныя дзверы, і мы ўбачылі ў акно, як містэр Віндыбэнк на мяжы сваёй хуткасці збягае ўніз па вуліцы.

      – Вось жа бессардэчны нягоднік, – засмяяўся Холмс, зноў сядаючы ў фатэль. – Гэты малойчык будзе ўчыняць злачынства за злачынствам, пакуль не дакоціцца да шыбеніцы. А справа ў нечым не была пазбаўленая цікавасці, трэба прызнаць.

      – Я змог прасачыць не ўсе вашыя развагі, – заўважыў я.

      – Ну, тое, што ў містэра Энджэла былі прычыны для такіх дзіўных паводзінаў, было зразумела з самага пачатку. Гэтаксама было зразумела, што адзіны, каму ўсё гэта было выгадна, – айчым маладой лэдзі. А тое, што гэтыя двое мужчынаў ніколі не сустракаліся і адзін з’яўляўся толькі тады, калі другі адсутнічаў, кідалася ў вочы. Потым акуляры, дзіўны голас, кусцістыя бакенбарды – усё гэта падказвала думку пра пераапрананне. Падазрэнні пацвярджала ягоная дзіўная звычка друкаваць свой подпіс: гэта дазволіла зрабіць выснову, што почырк яго настолькі знаёмы міс Сазэрлэнд, што яна пазнае яго з першай літары. Як бачыце, усе гэтыя асобныя факты, разам з безліччу драбнейшых, вялі ў адным і тым жа кірунку.

      – А як вы іх праверылі?

      – Калі ўжо заўважыў, мой дарагі сябра, пацверджанні знайсці няцяжка. Мне знаёмая кантора, дзе працуе гэты джэнтльмен. З апісання зніклага, змешчанага ў газеце, я прыбраў усё, што магло быць вынікам пераапранання – бакенбарды, акуляры, ціхі голас, – і даслаў яго ў кантору, папрасіўшы паведаміць мне, ці адпавядае гэтаму апісанню хто-небудзь з іх супрацоўнікаў.