Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.



Скачать книгу

дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта… У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.

      Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар…

      Урэшце – зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка – дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І – клетка з крумкачом.

      Мажны дзядзечка з партфелем – напэўна, з жыллёвай службы, – папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.

      Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала – ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-н асам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…

      Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама за-хрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася – ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.

      – Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?

      Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому… Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы… А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку…

      Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.

      Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на «тусоўкі». І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць год таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыстка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвясціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.

      Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнага ВНУ – розніца… Ён пераканаў