Название | Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Ян Максімюк |
Жанр | Языкознание |
Серия | Галерэя «Б» |
Издательство | Языкознание |
Год выпуска | 2011 |
isbn | 978-985-6991-26-7 |
Далей пойдзем шпарчэй, пакінуўшы дакладны аналіз „Пратэя” на нейкую іншую нагоду альбо каму іншаму. Адзначым толькі, што ўнутраны маналёг Стывэна характарызуецца глыбокай эрудыцыяй; словы служаць Стывэну ня столькі ў якасьці ўмоўных знакаў для абазначэньня вонкавага сьвету, колькі крыніцай роздуму над гэтым сьветам. Натура ўнутранага маналёгу ў Стывэна, як і належыць „барду”, лірычная. Мастацтва дадзенага эпізоду – філялёгія, што тлумачыць адмысловую стылістычна-лексычную фактуру тэксту.[30]
Бачачы дзьвюх акушэрак, якія выбраліся пагуляць каля мора, Стывэн зьвяртае думкі да праблемы нараджэньня і бацькоўства. Спачатку яму прыходзіць на роздум камічная ідэя сусьветнага тэлефону, які праз пупавіны спалучае ўсіх жывых з Эдэмам, з прамаці Эвай (якая, дарэчы, ня мела пупа, бо не нарадзілася, а паўстала з Адамавага рабра). Сваё нараджэньне, дзеля якога бацькі „счапіліся й разлучыліся, зьдзейсьнілі волю спаравальніка”, ён супрацьстаўляе боскаму „стварэньню зь нічога”. Выпадковасьць фізычнага зачацьця ніяк не суадносіцца з боскім lex eterna, у якім усё прадугледжана („спакон вякоў Ён пажадаў мяне, а цяпер ужо ня можа аджадаць ніколі”). Зноў усплывае ерасіярх Арый зь ягонай ерасьсю адносна адзінасутнасьці Айца Сыну (Джойс стварае жахлівы „багаслоўскі тэрмін”: „адзінапразьмервялікажыдапрутнасьць”). Нешчасьлівы канец Арыя, напярэдадні пакаяньня і паяднаньня з афіцыйнай царкоўнай дактрынай, таксама знаходзіць сваё ўпамінаньне (не забывайма, што Джойс атрымаў салідную падкаванасьць у тэалёгіі і царкоўнай гісторыі ў езуіцкіх школах).
Стывэн адчувае павевы „кусьлівых ветрыкаў” ад мора і прыраўноўвае накат пеністых хваляў да „белагрывых скакуноў Манаана”(Манаан – кельцкі марскі бог, надзелены падобнай здольнасьцю пераўтварэньняў, як Пратэй). Наступны за гэтым даўжэйшы фрагмэнт маналёгу прысьвечаны разгляду тых „модусаў” існаваньня, якія даступныя Стывэну ў Ірляндыі. Ён прыгадвае свайго дзядзьку Рычы („зап’янелага маларослага рахункавода”) зь ягоным штодзённым мадзеньнем. Ірляндыя бачыцца яму краінай з „дамамі распаду”. Кар’ера сьвятара высьмейваецца ім як пусты рытуал „служкаў божых,
29
„Гамлет” (акт І, сцэна IV); Гарацыё перасьцерагае Гамлета, каб не набліжаўся да прывіда. Гэтым разам амаль дакладна паводле Ю. Гаўрука: А калі ён укіне вас у мора / Альбо ўзьвядзе на стромкую скалу, / Што грозна па-над хвалямі навісла, / І там, прыняўшы новы страшны выгляд, / Паўстане раптам і кране ваш розум, / Угоніць у вар’яцтва – што тады?
30
Акрамя шчодрага выкарыстаньня іншамоўных цытатаў (італьянскіх, францускіх, нямецкіх, лацінскіх) Джойс стараецца дапасоўваць іншамоўныя словы да ангельскае правапісна-граматычнае нормы. Напрыклад, з францускага прыметніка lourd (цяжкі) Джойс стварае прыслоўе lourdly (гэты барбарызм перакладаю як ценжка). Дзеясловы schleppen, traоner, trascinare, якія абазначаюць валачы (цягнуць) у нямецкай, францускай, італьянскай мовах адпаведна, Джойс ужывае ў ангельскай форме цяперашняга часу. Моўныя гульні гэтага эпізоду як быццам прадвяшчаюць ягоны творчы мэтад у „Finnegans Wake”, дзе на базе ангельскай мовы ён стварыў адмысловы лінгвістычны амальгамат з усіх вядомых яму моваў.