Название | Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Анатоль Кудравец |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2014 |
isbn | 978-985-7089-89-5 |
А дождж не сціхаў. Ён быў усё такі ж белы, толькі цяпер ішоў наплывамі, быццам нехта махаў махалам – то мацней, то слабей. І чым бліжэй падбягалі людзі, тым ясней бачыліся іх постаці. Гэта былі ўжо не размытыя цені: у іх былі твары, рукі, ногі… Паўлу падалося, што ў адной з постацяў ён пазнаў брата…
Да калодзежа людзі не дабеглі. Яны растварыліся ў дальніх дварах, і зноў вуліца стала пустыннай.
Павел павярнуўся ў другі канец сяла: што там, як партызаны? Няўжо яны нічога не бачаць?.. І ўгледзеў, як з лесу ў другі «крук» сяла вылецела падвода. На ёй, стоячы ў поўны рост, круціў лейцамі над галавой дзядзька – той, што ехаў па жэрдзе і якога завярнулі партызаны. Ён гнаў каня ў сяло, і гнаў як не свайго…
А трохі воддаль, услед за падводай, хто прыгінаючыся, а хто на ўвесь рост, беглі партызаны. І яны, як і паліцэйскія, рассыпаліся па дварах. Вуліцу запаўнялі новыя партызаны і зараз жа аслабанялі яе, каб даць дарогу наступным. А тыя беглі і беглі…
Павел перадаў бінокль Івану:
– Паглядзі, можа, пазнаеш каго?
Іван глядзеў доўга. Пазнаў – не пазнаў – не сказаў нічога, вярнуў бінокль:
– Нішто сабе сітуацыя… Як яно павернецца далей?
– Бачыш, ціха… Ніводнага стрэлу ні адтуль, ні адсюль. І тыя, і тыя ратуюцца…
– Ці надоўга?..
– Дажывём – убачым. Вайна кароткай не бывае… І тут да ліпы падляцела падвода з дзядзькам. Ён сутаргава супыніў каня, саскочыў з калёс, расчыніў вароты, заехаў у двор. Распрагаць каня не стаў: загнаў разам з калёсамі пад паветку, вяла правёў рукой па мокрай конскай спіне, з якой ішла пара, пагладзіў, – ці то каня хацеў супакоіць, ці сам супакоіцца. Сыпнуў у сявалку з мяшка аўса, падставіў каню: еш, дарагі. Увесь мокры, з распатланымі валасамі, расхрыстанай грудзінай і слязліва-радаснымі вачыма: нарэшце-такі дома! – ступіў на ганак, каб зайсці ў хату, і тады аднекуль зверху пачуў голас:
– Дзядзька, а самагонкі ў цябе не знойдзецца?
Толькі цяпер дзядзька ўскінуў вочы на сваю ліпу і ўбачыў на яе суках нейкае сарочае збудаванне і двух, як і ён, азяблых і прамоклых наскрозь мужчын. Над імі, як ускінутае бабай на плот радно, калыхалася нешта падобнае да плашч-палаткі.
– Канешне, хлопчыкі, знойдзецца… І мне, і вам…
– Ты лезь першы, а я падзяжуру. Пасля памяняемся. Па ўсім – і мы можам узяць перадышку, – сказаў Павел Івану.
Па прыстаўленых лесках Іван спусціўся ўніз, і яны разам з гаспадаром схаваліся за дзвярыма хаты.
Было ціха і ў адным канцы сяла, і ў другім. Толькі партызаны ўсё яшчэ працягвалі бегчы. Недзе мільганула скураная кепка Зайца. А дзе ж Каганаў? Адчапіўся ад камандзіра? Разышліся?..
У бінокль добра відаць усё, – як на далоні, як перад табой…
А вось і ён. Бег Каганаў асабняком, апярэдзіўшы метраў на дваццаць партызанаў, яны ўсё яшчэ працягвалі выбягаць з лесу. Павел цвёрда ўстаў на дошцы, прыпёрся левым плячом да ствала ліпы, трохлінейка легла