Название | Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Павал Касцюкевіч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2011 |
isbn | 978-985-6991-51-9 |
І вось Айка па той бок акна: крамяная, мажная, у вэлюме цягніковага дыму. Смачна лунае ў паветры літоўскім цэпелінам. Яе ногі вясёла збіваюць вакзальнае паветра на казіны сыр. Айка праз шыбу круціць мытнікам дуліну, на поясе ў яе торба кантрабандных шампуняў.
– Семафорны мост, яна ўчапілася за семафорны мост над вагонам! – бурчыць няўрымслівы Тарэсаччын жывот.
Аднак тут па завэдзганым экране акна пралятае грымотны таварняк. Та-тах-тах-тах, татах-тах-тах – сто сценабітных таранаў у кірунку брамы далёкай Брэсцкай крэпасці. Грукат аціхае. Ашмянскім цёткам і гудагайскім мытнікам засціць вочы жалобная ашаломленасць. Няма больш Айкі – над каляінай лунае толькі сузор’е мыльных бурбалак. У іх зіхцяць маленькія тварыкі Айкі, на якіх усмешкай чашырскага ката застыла кплівая грымаса. Вецер ненавязліва так зносіць бурбалкі ў бок літоўскай мяжы.
– Яна паспела залезці на арматурыны маста! – зноў заходзіцца жывот Тарэсачкі.
Седзячы на семафорным мосце, упараная ад міжвольнай гімнастыкі, Айка зноў усміхаецца сяброўкам і памежнікам і непаслухмянымі пальцамі зноў выкручвае дулю. У другой руцэ сутаргава сціскае адзіную ацалелую бутэлечку «Дароў Палесся». Густы як чыгун, зялёны як гуталін, шампунь вылузвае з бутэлечкі, і, не раўнуючы як матылёк з кокана, ператвараецца выхадзе ў бязважкія бурбалкі.
Адзін з мытнікаў траціць прытомнасць.
І тут з глыбіняў космасу прылятае вогненная камета – запозненая рэакцыя Галактычнага Розуму, які ўсё ГЭТА і стварыў, а цяпер чыста па-чалавечы стаміўся. Бо як так можна – столькі стагоддзяў з насельнікамі гэтай планеты было ўсё ў парадку – усясветная туга, мукі душы, усё ў такой манеры. А тут бач ты: праз сценкі вагона людскога прашыліся ашмянскія цёткі і нахабна разгайдалі светабудову. Камета дашчэнту выпальвае Айку з цэлым кавалкам семафорнага моста. Уф, ну, нарэшце…
Развярнуўшыся ў Вільні, асірацелы без ашмянскіх цётак цягнік бяжыць ад літоўскай мяжы праз сібірскія снягі на ўсход, у сэрца нашай Радзімы, Магілёў. У вагоне ціха падае снег. Прыгожая правадніца рыдае каля тытану – выбуховай хваляй камета выбіла шыбу ў яе купэ, і кантрабандны пітон, схаваны пад ложкам, спруцянеў на марозе. На месцах, указаных працаўнікамі саставу, сядзяць выключна ўнутрырэспубліканскія пасажыры. Пра існаванне замежных краінаў яны чулі адно з бяскроўных вуснаў тэлевядучай. Яны нічога не ведаюць пра вадаспады і фантаны віленскіх гіпермаркетаў, пра мегатруфелі вышынёй з піраміду Хеопса, пра тое, што ёсць на грэшнай зямлі такія Даначка, Марыечка і Тарэсачка і што была такая Айка.
І толькі ля самай падлогі, між батарэяй і ложкам адной з баковак, праз усе слаі дэрмаціну і жалеззя, поячы наваколле дзівосным водарам, зіхціць нязгасным рубінавым святлом надзейна забытая «Папараць-кветка», для ўсіх тыпаў валасоў, персанальная Áйчына кантрабанда.
Доктару