Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
– Рушай, – сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. – Бывайце, дарагі.
– Бывайце.
Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.
Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.
– Ідзіце… Ідзіце, – шэптам сказала яна.
Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.
Бясконцыя лугі ляжалі вакол.
А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя пасмы дажджу.
Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў ім сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і «ўціхаміранне».
I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.
Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём «За ўціхаміранне»… Медаль ён не насіў.
I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.
Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб’іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў,– агарнула туга.
Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону.
Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.
У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.
У познюю восень успаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, – Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.
Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адных з такіх уцёкаў,