Неруш. Віктар Казько

Читать онлайн.
Название Неруш
Автор произведения Віктар Казько
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2016
isbn 978-5-340-00518-2



Скачать книгу

дзюб, яно ўжо ўсё ў драпінах, сіняках. Але ён застаецца на месцы, а бусел бяжыць, хаця ў гэтых яго ўцёках няма ўжо ніякага сэнсу, безнадзейнасць гоніць яго. Яго ўжо больш ніхто не б'е, чарада адстала. Выгнаны бусел ужо больш не бусел ні для чарады, ні для сябе. I ў ім, у яго рухах выяўляецца нешта качынае, цяжкае, валюхастае, і Мацвею здаецца, што гэта сама зямля не вытрымала, пахіснулася пад нагамі птушкі і хістае яго, кідае з боку на бок. Чарада ўзнімаецца ў неба і кругамі, кругамі набірае вышыню, ружовым і белым клінам уваходзіць у чырвань сонца, рассякае натрае сонца, узмахам магутных крылаў успеньвае неба і сонца.

      – Калясом дарога, – махае ўслед выраю Мацвей.

      Адзін толькі бусел застаўся на зямлі. Бусел і Мацвей Роўда на пустой дарозе. Бусел з тугою ў вачах паглядвае, як з клёкатам знікае за даляглядам чарада, і сам спрабуе крыкнуць, але няма ў яго сілы на голас, як ён ні выструньваецца, як ні напружвае цела, як ні дапамагае крыламі прарвацца голасу. Няма голасу, сіп толькі прастуджаны, так прастуджана плача ўзімку на ветры зломленая, расшчэпленая хвоя. Бусел жа з апошняга зноў бяжыць, бяжыць і махае крыламі, і галава яго задзёрта, вось-вось, здаецца, адарвецца ад шыі, ён імкнецца ў неба, імкнецца адарваць сябе ад зямлі. I адрывае, і праразаецца голас. Ён ляціць і крычыць, што мае моцы, змагаецца з паветрам, як той рыцар сумнага вобраза, змагаецца з травой, што гоніцца за ім, цягне да сябе, да зямлі., не дае выйсці ў неба. Губляе вышыню, але не верыць гэтаму, не выкідваючы ўперад ног, не збіваючы хуткасць парашутамі-крыламі, шэрым пер'ем, брудным камяком утыкаецца ў зямлю, падае грудзьмі, перакульваецца цераз галаву. Роўда спяшаецца, ідзе па лузе да птушкі, а тая галавой, кончыкам дзюбы, але цягнецца ў неба, за клінам, што ўжо растаў у вечаровым сонцы. Роўда бярэ бусла на рукі, нібыта дзіця на рукі бярэ, той квола б'ецца, усёй сваёй істотай, нават рухам крыві ў целе адхіляючы гэтае чалавечае шкадаванне і спагадлівасць. Мацвей прыціскае бусла да грудзей, прыпадае тварам да яго цёплага бездапаможнага пер'я.

      – Ну што ты натварыў? Чаму яны з табой гэтак? Ведаю, брат, ведаю. I са мною тое ж самае. Чаму ты не вучыўся лятаць? Куды ж твае бацькі глядзелі? Сканаеш ты тут за зімку. А пашанцуе, перазімуеш, дык вясной усё роўна задзяўбуць цябе свае ж… Схібілі мы, брат, абодва. Мо і я вінаваты ў тваёй бядзе. Знішчыў тваё балота. А такое ж добрае было балота, столькі жаб у ім крумкала-спявала, а я іх усіх разам бульдозерам згроб і экскаватарам прысыпаў. Ты прабач мне, антон. Но ведаў я, што рабіў. А калі б ведаў… усё роўна было б тое ж. Табе трэба балота, жабы, а нам хлеб, бульба. Як жа нам з табой падзяліць зямлю, каб табе і мне ўсяго хапала на ёй? Не ведаю, ты прабач мне, не ведаю…

      Мацвей шэптам гаварыў усё гэта буслу, і той нібыта ажываў у яго руках, як дзіця, даверліва прыпадаў да яго, болей не біўся, і плынь яго гарачай крыві больш не біла так аддаляюча. – Ты што, разумееш мяне, чуеш мяне? – закрычаў, загушкаў ён бусла. – Ты чакай мяне, чакай, я яшчэ прыйду, я вярнуся да цябе. Не дайся толькі лісе на зуб. Я прыйду,