Зоркі над вельдам (зборнік). Коллектив авторов

Читать онлайн.



Скачать книгу

з намі пасяліўся ангелец, ён ускочыў з плеценай лавы.

      – Не, kêrels,[15] – сказаў ён, – калі дзесьці з’яўляюцца ангельцы, гэта значыць, што хутка бурам давядзецца адтуль з’язджаць. А таму я пакую рэчы на павозку, раблю сабе каву, а заўтра з ранку адсюль вымятаюся.

      Большасць з нас тады проста засмяялася. Кос Стэйн часта дасціпнічаў у такім духу. Але некаторыя не смяяліся. Так ці інакш, у жарце Коса Стэйна доля жарту была невялікай.

      Мы абмеркавалі пытанне з усіх бакоў і вырашылі, што сапраўдныя буры здолеюць арганізаваць усё так, каб “чырвоны карак” сярод нас не затрымаўся. Дзесьці праз гадзіну ўвайшоў хтосьці з дзяцей Вілема Одэндала і сказаў, што па вялікай дарозе рухаецца чужая павозка. Калі яна пад’ехала бліжэй, мы ўбачылі, што яна застаўленая самай рознай мэбляй, лістамі жалеза і сельскагаспадарчымі прыладамі. Павозка была так нагружаная, што давялося зняць тэнт, каб усё змясцілася.

      Павозка была адна, і яна спынілася ля нашага дому. У павозцы сядзелі белы і двое кафраў.[16] Белы штосьці крыкнуў гэтым дваім, апусціў пугу і рушыў у наш бок. Ён быў апрануты так, як і мы, – кашуля, нагавіцы і вельдскуны, усё пакрытае слоем пылу. Аднак калі ён пераступаў праз калючае кустоўе, мы заўважылі на ім яшчэ і шкарпэткі. Таму адразу зразумелі: ангелец.

      Кос Стэйн стаяў насупраць дзвярэй.

      Ангелец падышоў да яго і працягнуў руку:

      – Добры дзень, – сказаў ён на афрыкаанс. – Мяне завуць Вэбер.

      Кос паціснуў яму руку.

      – Мяне завуць лорд Алфрэд Мілнэр,[17] – сказаў ён.

      Мы ўсе засмяяліся, бо акурат тады лорд Алфрэд Мілнэр быў губернатарам Трансвааля. “Чырвоны карак” таксама засмяяўся.

      – Ну, значыць, лорд. – сказаў ён, – Я крыху гавару на вашай мове і мяркую, што хутка буду гаварыць яшчэ лепей. Я збіраюся тут пасяліцца і спадзяюся, што мы будзем сябрамі.

      Ён падышоў да кожнага з нас, але ўсе адвярнуліся і адмовіліся паціскаць яму руку. Да мяне ён падышоў апошнім, і мне было сорамна перад ім, бо, хаця яго народ абышоўся з маім несправядліва і я сам страціў абодвух сваіх дзяцей у канцэнтрацыйным лагеры, менавіта гэты ангелец не быў тут надта вінаваты. Гэта была віна ангельскага ўраду, які хацеў нашых залатых руднікоў. Яшчэ гэта была віна каралевы Вікторыі, якой не падабаўся дзядзька Пол Кругер:[18] казалі, што калі ён быў у Лондане, то пагаварыў з ёй толькі аднойчы, усяго некалькі хвілін. Дзядзька Пол Кругер апраўдваўся, што ён жанаты чалавек і баіцца ўдоваў.

      Калі ангелец на імя Вэбер вярнуўся да павозкі, мы з Косам Стэйнам пайшлі разам з ім. Ангелец сказаў, што набыў ферму побач з Герардусам Гробеларам, што мала чаго ведае пра авечак, быдла і маіс, але здабыў колькі кніг пра фермерскую справу і збіраецца вывучыць іх уздоўж і ўпоперак. Потым ён спытаў мяне, з чаго б гэта я адвярнуўся ад яго ў бок перавалу. Але я проста не хацеў, каб ён бачыў, як я смяюся. Кос Стэйн адрэагаваў зусім іначай.

      – А ну дай мне зірнуць на гэтыя кнігі, – сказаў ён.

      Вэбер адкрыў скрыню на самым версе павозкі



<p>15</p>

Kêrels – хлопцы (афр.).

<p>16</p>

Кафры – назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

<p>17</p>

Алфрэд Мілнэр, першы віконт Мілнэр (1854–1925) – брытанскі дзяржаўны дзеяч і каланіяльны адміністратар. З лютага 1901 кіраваў дзвюма бурскімі дзяржавамі, Трансваалем і Аранжавай свабоднай дзяржавай, анексаванымі Вялікабрытаніяй, на тэрыторыі які была пабудаваная вялікая колькасць канцэнтрацыйных лагераў.

<p>18</p>

Стэфанус Ёханэс Паўлус Кругер, больш вядомы як Пол Кругер ці дзядзька Пол (1825–1904) – прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (Трансвааля). Здабыў сусветную вядомасць як твар бурскага супраціву падчас Другой англа-бурскай вайны.