Название | Анамалія (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Алесь Бычкоўскі |
Жанр | Героическая фантастика |
Серия | Калекцыя беларускай фантастыкі |
Издательство | Героическая фантастика |
Год выпуска | 2012 |
isbn | 978-985-6906-59-9 |
– Партызана вы дапытвалі? – пацікавіўся Лутцэ.
– Не паспелі. Думаеце, ён скажа путнае? Я ўжо прыгадваў унутраную моц тутэйшых жыхароў. З любога скуру дзяры – будуць стаяць да апошняга. Шчыра скажу, каб не ведаў бы іх дзікунскую сутнасць, прыняў бы за сапраўдных арыйцаў.
Усталявалася цішыня. Отто Кройц падумаў, ці не ляпнуў ён залішняга, і зараз жа паведаміў:
– Слухайце. А вось партызан павінен вас зацікавіць, доктар Зільге. Вельмі незвычайна ён апрануты, і амуніцыя, і астатняе… – Штандартэнфюрэр пахістаў галавой. – Упэўнены, нідзе ў рускіх я не сустракаў нічога падобнага. Дый у немцаў таксама.
– Што вы маеце на ўвазе? – ажывіўся Зільге.
– Форма і знакі адрознення. Рускія такую не носяць! З крэсла падняўся группенфюрэр Лутцэ.
– Што ж, – прамовіў ён. – Варта паглядзець на палоннага.
Вацлаў Кравец ачомаўся ад шчымлівага болю ў патыліцы. Цела ныла, галава гула, раскалвалася. Няйнакш чымсьці жалезным гвазданулі, вырашыў сяржант і паварушыўся. У скуру ўпіліся вяроўкі. Ён ляжаў звязаным у віль-готным падвале, каменным мяшку з невялікім ваконцам пад столлю.
Вацлаў паспрабаваў сесці. Атрымалася не адразу. Калі вочы прызвычаіліся да паўзмроку, палонны зразумеў: ён тут адзін. Зброя, маскхалат адсутнічалі. На ім засталася звычайная армейская форма.
Кравец сагнуў ногі ў каленях, уперся ў ледзяны дол, адштурхнуўся. Перасунуўся такім чынам да самой сцяны. Перавёў дыханне, супакоіўся. Прыняўся аналізаваць становішча.
Мінулыя падзеі выплылі на памяць. Сумесныя вучэнні, спецаперацыя, пакінутае селішча ў цэнтры Зоны, сапраўдныя тэрарысты ў эсэсаўскіх формах…
Кепскае становішча.
Вацлаў спрабаваў вызваліцца з путаў. Беспаспяхова. Прыняўся чакаць.
Пасля вечнасці маўчання за дзвярмі ў яго камеру загрукаталі.
Увайшлі мужчыны ў ваенных формах з арламі і свастыкамі і хударлявая жанчына невялічкага росту. Нейкі час палонны і візіцёры разглядалі адзін другога.
Кравец заўважыў, што жанчына адрозніваецца ад тэрарыстаў выразам твару. У яе вачах чыталіся сполах і літасць. “Мабыць, заложніца”, – падумаў сяржант. Адзін з катаў даў знак, і жанчына пачала гаварыць.
– Мяне завуць Святлана. Я перакладчыца. Гаспадзін штандартэнфюрэр Отта Кройц, па-нашаму, калі не памыляюся, палкоўнік Кройц, жадае з вамі гаварыць.
“Нішто сабе! – пранеслася ў галаве Вацлава. – Нават палкоўнік… І імёны ў іх нямецкія, якраз да формы, і перакладчыца. Дзівосы!”
Эсэсаўцы чакалі.
– Лепш скажыце што-небудзь, – настойліва прашаптала жанчына.
Сяржант ніяк не цяміў, чаму тэрарысты “косяць” пад нямецкіх афіцэраў часоў апошняй вайны? Рысы твару еўрапейскія, ястрабіныя ледзяныя позіркі, у аднаго шрам на скроні. Хто гэта? Не баевікі ІРА… Новае згуртаванне неанацыстаў? Ды дзе, у раёне адселенай зоны, нападалёк ад разбуранага