Дзіцячы маніфест (зборнік). Кiрыл Стаселька

Читать онлайн.
Название Дзіцячы маніфест (зборнік)
Автор произведения Кiрыл Стаселька
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Час Воблы
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-7140-08-4



Скачать книгу

казаў, з працай нашай клінікі будзеце знаёміцца паступова. Засталося толькі адзначыць яшчэ некалькі асноўных аспектаў.

      Мы займаемся распрацоўкай і апрабацыяй новых метадаў лячэння, якія адпавядаюць канкрэтным выпадкам. Аднак базавы, я б сказаў, «вузлавы» элемент нашага метаду адлюстроўвае сама назва клінікі – «Amicus». У працэсе лячэння адна з галоўных задач заключаецца ў тым, каб пацыент не адчуваў сябе пацыентам. Ён мусіць забыцца, што мы хочам яго вылечыць ад нейкай хваробы. Кожны чалавек уяўляе сабой закрытую псіхафізічную сістэму. Спроба ў яе ўварвацца прыводзіць да свядомага або падсвядомага супраціву і адрыньвання, таму класічныя сістэмы лячэння застаюцца малаэфектыўнымі. Мы ж спрабуем аказваць уздзеянне нівелюючы, робячы незаўважным самое ўварванне, ствараючы для пацыента камфортную абстаноўку, характэрную для штодзённасці яго папярэдняга жыцця.

      Перш чым пачынаць лячэнне, варта наладзіць блізкі кантакт з пацыентам. Ён мусіць адкрыцца вам, лічыць вас сябрам. Але калі быць надта настойлівым, патрабавальным, эфект атрымаецца процілеглы, і пацыент яшчэ больш заглыбіцца ў сябе, адгародзіцца ад свету. Для гэтага патрэбна самому адкрыцца, першым пайсці насустрач. Спачатку гэта будзе нялёгка, але ў далейшым паміж вамі павінен існаваць поўны давер, калі вы абсалютна ўсё даведаецеся адзін пра аднаго. Менавіта на гэтым этапе адносін стане магчымым выяўленне прычыны захворвання, а затым – непасрэдны працэс лячэння: неназойлівага, непрыкметнага ўплыву.

      Усе нашы пацыенты – адзінокія людзі. Іх псіхічныя захворванні шмат у чым сталіся вынікам глыбокай ды працяглай адзіноты. Таму сяброўства паміж вамі і пацыентам не толькі спрыяе дасягненню пастаўленых задач, але мае значны тэрапеўтычны эфект. У сувязі са спецыфікай нашага метаду, як правіла, у аднаго доктара – адзін пацыент. Толькі я і доктар Базалья Франка назіраем некалькі чалавек. У асноўным гэта самыя складаныя выпадкі. Ва ўсякім разе, не палохайцеся і не хвалюйцеся, мы будзем вам усяляк дапамагаць. Калі ўзнікнуць якія цяжкасці або пытанні, смела звяртайцеся. Думаю, цяпер вы разумееце, чаму мы ходзім у звычайнай вопратцы, а клініка выглядае як жылы дом.

      Сёння дам вам азнаёміцца з копіяй справы вашага пацыента Жыля Арто. Калі ўсё больш-менш зразумела і няма пярэчанняў, то ўжо заўтра пазнаёмлю вас з ім, і можаце пачынаць. Альгерд Францавіч казаў, што вы валодаеце французскай. Які ў вас узровень гутарковай?

      – Так, я вывучаў французскую, таксама меў моўную практыку, калі стажыраваўся ў Ліёне. Дапускаю часам памылкі пры напісанні тэкстаў, але гутарковая досыць ніштаватая.

      – Выдатна! Арто трохі ведае польскую, але не вельмі добра. Таму лепш размаўляць з ім на роднай мове. Дарэчы, гэта будзе карысным у вашых узаемасувязях.

      – Добра, канечне.

      – Андрэй, вы крыху агледзелі наваколле. Але каб адаптавацца і лепш арыентавацца, я папрасіў аднаго з нашых калег, Тадэвуша Бой-Жаленскага, правесці вам імправізаваную экскурсію.