Название | Сланы Ганібала (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Арлоў |
Жанр | Зарубежная публицистика |
Серия | |
Издательство | Зарубежная публицистика |
Год выпуска | 2005 |
isbn | 978-985-6701-79-1 |
Нарэшце мы разьвітваемся, і я выпісваю з аднае выдадзенае на пачатку нашага стагодзьдзя кнігі падкрэсьленыя калісьці, можа, яшчэ за праклятым царызмам, словы: «Мелі тыя крывічы звычай: калі дасягаў у іх юнак паўналецьця, мусіў ён, каб назвацца мужчынам, пераплысьці хуткую ды глыбокую раку, упаляваць тура або мядзьведзя, раскласьці ў залеву вогнішча, а таксама распавесьці суродзічам аб продках сваіх да пятага калена… Калі ж ня ведаў ён роду свайго, дык падлягаў выгнаньню, бо ўважалася, што род ягоны, а значыцца, і зямля бацькоўская яму не дарагія, і можа ступіць ён на шлях здрады».
Побач, на палях, яшчэ відаць накіданае алоўкам і ўжо амаль сьцёртае часам дрэва нечага радаводу.
Як вы ўжо зразумелі, на штосьці падобнае падбіла гэтая кніга і мяне.
Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі ды сем гадоў сядзела ў сталінскіх лягерах – пэўна, усё ж не за антысавецкую й контрарэвалюцыйную дзейнасьць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расьліны Беларусі, якая пачынаецца з словаў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, зьбіраючы зёлкі, яна насьмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя?
Няхай даруе мне мой засакрэчаны стрыечны дзед Рыгор, які меў нейкае і, відаць, даволі блізкае дачыненьне да касьмічных палётаў, бо слаў нам пасылкі з чорнай ікрой і чырвонаю рыбай, а аднаго разу, калі гасьцяваў у вёсцы, саламяную страху бабулінае хаты ледзьве не раскідаў вайсковы верталёт, прысланы па дзеда з найбліжэйшага аэрадрому.
Няхай даруе мне дзядзька Язэп, які нават прыблізна ня ведаў свайго дня нараджэньня, а таму, не ўважаючы на ўсе жончыны захады, штовечар хадзіў падвясёлены, абсалютна слушна зазначаючы, што, магчыма, акурат сёньня ён і нарадзіўся.
Даруйце мне, усе мае родзічы, якіх згадаю мімаходзь або не згадаю зусім. Каб канчаткова не заблытацца ў галінах і адгалінаваньнях радаводнага дрэва – пагатоў, спадзявацца ўнікнуць лірычных і нелірычных адхіленьняў ад такое тэмы ўсё адно наіўна – буду весьці гаворку аб непасрэдных продках па бацьку і маці або, як казалі даўней, па мячы ды па кудзелі. Апрача таго, іншая мэтода будзе непазьбежна нагадваць хітрамудрую спробу схавацца ад адказнасьці, заблытаць судзьдзяў і пазьбегнуць выгнаньня.
I яшчэ адна заўвага. У цывілізаваным сьвеце, калі вядомы заснавальнік роду ці, прынамсі, нехта з знакамітых продкаў, радаводнае дрэва, як і належыць, малююць з каранёў. У нас жа сем дзесяцігодзьдзяў гэтыя карані нястомна выкарчоўвалі,