Название | Шоўк (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Мікола Адам |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-02-1485-0 |
Асцярожна я паварочваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Побач з ложкам, ля самага акна, стаяў стол, насупраць ложка – канапа. Яшчэ ў пакоі знаходзіліся вялізная шафа, тэлевізар, кніжная паліца…
Дзверы адчыніліся.
– Чаго ты сядзіш папацёмку? – Насцін голас супакоіў мяне, як матчына калыханка. Дзяўчына працягнула руку за кніжную паліцу, і загарэлася святло…
– Куды ты мяне прывезла? – спытаўся я, калі
Насця падышла бліжэй і села побач.
– Да маіх бацькоў, – проста адказала яна.
– Ты тут жывеш? – здзівіўся я, бо ведаў, што Насця жыве зусім у іншым месцы.
– Так, гэта мой пакой.
– А-а… што тады…
– Ты маеш на ўвазе, дзе мы былі? Я там таксама жыву час ад часу, калі пасваруся з мамай. Тая кватэра належыць маёй сястры і ейным бацькам. Мы стрыечныя сёстры.
– Дзіўна. Я чамусьці заўсёды лічыў вас роднымі. Здаецца, я атрымаў адказы на ўсе свае пытанні, аднак усё адно мне нічога не было зразумела, я адчуваў сябе ідыётам і паціскваў плячыма, як прыпадачны.
– Ды ўсё нармальна, – супакойвала мяне Насця, – зараз мае бацькі збяруцца, і ты з імі пагаворыш…
– Я?! – нічога я не зразумеў.
– Ну, ты ж хочаш ім нешта сказаць…
– Ім я нічога казаць не збіраўся, але, калі ты хочаш, я ім скажу…
– Што? – Насця ўпілася позіркам мне ў вочы да такой ступені, што я падумаў: яшчэ крыху, і мае вочы пад уздзеяннем Насцінага позірку страцяць сваё звычайнае месца жыхарства і расцякуцца ртуццю па падлозе. Хоць бы нічога не загарэлася…
– Што кахаю цябе і хачу на табе жаніцца, – адказаў я.
– А калі яны будуць супраць? – не адставала
Насця.
– Тады я цябе ўкраду і запатрабую выкуп у памеры мільёна мінімальных заробкаў, але ўсё адно цябе ім не вярну, а выкуп мы добрасумленна прап’ем.
Насця адпусціла мяне. Я з палёгкай уздыхнуў і расшпіліў верхнія гузікі на кашулі, таму што стала раптам горача.
…А пасля мы пілі каву. У коле сям’і. Тэлевізар барабаніў, але на яго балбатню ніхто не звяртаў увагі.
Насціны бацькі вывучалі мяне, як буквар, хоць я не прамовіў яшчэ ніводнага слова. Я, у сваю чаргу, вывучаў іх, прывыкаючы ў думках да словаў «цесць» і «цешча», а Насця сузірала карціну позіркам крытыка. Відаць, яна адна толькі і кідала раз-пораз адным вокам позірк на тэлевізар.
Насцін бацька меў ужо шмат гадоў і лысіну з белымі кусцікамі вакол яе.