Название | Яблыневы Маёнтак |
---|---|
Автор произведения | Аляксандар І. Бацкель |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-609-8147-43-8 |
я прапаную называць гэты кантынгент людзей лайтова – юнівэрсафобамі. гэта такія людзі, якія замкнёныя ва ўласнай геаграфіі, з буйным імпэтам заваёўніцтва, хворыя на імпэрыялізм і абагульненьне, яны ніколі не супакояцца, нават калі прайграюць вайну, таму што ўсё перавернуць, і калі не ахвярамі сьвятымі стануцца, дык «праўда» заўсёды будзе на іх баку, бо так паведамяць па іхніх галоўных СМІ!
сны
Юнг шмат разоў патрабаваў, каб Фройд распавёў яму свае сны, але той заўсёды адмаўляўся, бо не хацеў, каб Юнг даведаўся пра ягоны сьвет штосьці большае, ніж ён сам жадае. але я ня Фройд… у маім жыцьці была процьма разнастайных сноў, каляровых і чорна-белых, вусьцішных, сумных, эратычных і рамантычных… але толькі два сны, якія я бачыў, засталіся для мяне самымі запамінальнымі на дробязі, на ўзроўні якасьці HD.
першы сон, альбо, хутчэй, сьненьне, было каля дваццаці год таму, я стаяў у цемры і ня мог сказаць, дзе знаходжуся, я ня мог удакладніць гэта нават крананьнямі, бо паўсюль была прастора і цемра, але нагамі я адчуваў зямлю, падлогу, нешта цьвёрдае, я спрабаваў крочыць, але здавалася, што я хаджу на адным месцы. і вось я чую прыемнае казытаньне, у маё правае вуха хтосьці дыхае і шэпча штосьці, але я не магу разабраць, што мне шэпчуць, прыслухоўваюся і, хутчэй, здагадваюся: «ідзі са мною, ідзі, пайшлі, хутчэй, ну?!» а мне неяк няўтульна, холадна і горача адначасова, і я разумею, што варта адмовіцца, няма ніякага жаданьня ісьці, і тут у маёй галаве яскрава і рэалістычна зьяўляецца адказ: «я нікуды не пайду, бо я тут для іншага і жыць буду для іншай справы». і раптам перада мною рассоўваецца цяжкая заслона і перад вачыма – чырвань, полымя, бяз жару, але такое рэзкае ў цемры, я засланяюся рукамі, заплюшчваю вочы і прачынаюся, яшчэ гадзіну ляжу ў прыцемках і не разумею, што гэта было і каму я адмовіў. і мне дзесяць год, і я занадта малы, каб запамінаць такія сны.
і вось другі сон, які я сьніў літаральна днямі, і гэты сон не ідзе ні ў якое параўнаньне зь першым. вось я ў лесе, перада мною сьнег, ён вельмі хутка растае, і вонкі падымаецца зялёная трава, аточаная пралескамі, і я праводжу далонямі, зьлёгку кранаючыся талага сьнегу, і ён зьнікае, і далоні казычуць расьлінкі, і я бачу промні сонца, я крочу сьцяжынкаю да невялікай палянкі, азіраюся, вось у зеляніне поўзаюць вужыкі, зайцы паўсюль, і яны так блізка ад мяне, што аднаго зь іх мне ўдаецца пагладзіць. вось я бачу, як побач са мною прабягаюць лісы, і мне так радасна, я ўголас сьмяюся, дзіву даюся, і я неверагодна шчасьлівы, і мне быццам бы дзесяць год, і ўсё так натуральна, і проста, і цудоўна, і птушкі навокал, і матылькі, і я вельмі хачу падзяліцца тым, што бачу і адчуваю, са сваёю каханаю, я яе клічу нейкім дзіцячым голасам, я ведаю – яна недзе побач, хутка падыдзе, я хвалююся, каб яна пасьпела прыйсьці і ўсё гэта пабачыць, і вось я яе бачу, яна ідзе ў адлегласьці дзесяці крокаў ад мяне, і я крычу ёй, паказваючы пальцам на шэрага зайчыка: «паглядзі! паглядзі! гэта тут жыве Бог!»