Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна

Читать онлайн.
Название Крыві не павідна быць відна (зборнік)
Автор произведения Наталка Бабіна
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2007
isbn 978-985-7165-77-3



Скачать книгу

мары новага часопісу з назвай «ARCHE» прачытаў апавяданне «Баль», хоць для «літаратаркі родам зь Берасьцейшчыны, якая піша пабеларуску і па-ўкраінску» (такія біяграфічныя зьвесткі суправаджалі тэкст апавядання) гэта была ўжо ня першая публікацыя. Побач з «Балем» у тым «ARCHE» – згустку нетрывіяльнай літаратуры і якаснай аналітыкі – былі зьмешчаны творы пераважна новых для мяне аўтарак: Марыі Роўды, Евы Вежнавец, Вольгі Караткевіч. Першае ўражаньне ад такой канцэнтрацыі выдатных тэкстаў неўзабаве сьцьвердзіла мяне ў перакананьні, што нарэшце ў нашай літаратуры будзе пераадолена засільле празаікаўмужчын. Перакананьне засталося: у беларускую літаратуру прыходзяць усё новыя і новыя аўтаркі, шкада толькі, што ні Вежнавец, ні Роўды, ні Караткевіч як літаратарак даўнавата не чуваць. Затое чуваць Бабіну.

      Тым ня менш, зусім ня варта разглядаць яе творчасьць у вельмі звужаным гендэрным рэчышчы, як гэта часам робіцца. Наталка Бабіна – не фэміністычная і не фэмінная пісьменніца, таму што яе «мэтавая група» не жанчыны, а чытачы без увагі на пол. У яе цудоўна атрымліваецца перадаць унутраны свет, чаканьні й спадзевы жаночых персанажаў, якія ў яе творах і пераважаюць; таксама глыбока прапісваць мужчынскія вобразы Бабіна не імкнецца (зрэшты, тут я, можа, трохі крывадушнічаю: дужа калярытнымі выйшлі, напрыклад, вобразы Збышака Янавіча і Анупрыя Іванавіча з “Пасткі для крата»). Безумоўна, найперш праз жаночую псыхалёгію і бачаньне сьвету, жаночымі вачыма мы ўспрымаем актуальнае дзеяньне ў яе творах. Было б дзіўна, кал і б гэта было ня так. Але на гэтым гендэрнасьць і заканчваецца. Далей – агульначалавечыя каштоўнасці, тэмы й матывы: патрыятызм, любоў і каханьне, здрада й сумленнасьць, вайна і сьмерць, простае жыцьцёвае шчасце…

      Наталка Бабіна ходзіць пратаптанымі або мала ходжанымі ў нашай літаратуры сьцежкамі. Яна сьмела пераносіць дзеяньне ў самыя аддаленыя куткі зямной кулі, дзе сама магла ніколі ня быць (Курдыстан, Босьнія, Эквадор, Чачэнія), пры гэтым не баіцца, калі нешта прагучыць ня надта праўдападобна – часы чыстага рэалізму даўно мінулі. Не цураецца ня дужа папулярны ў нас жанр дэтэктыву насычаць сацыяльнапалітычнымі рэаліямі сёньняшняга жыцьця. У творах, дзеяньне якіх адбываецца пераважна ў Менску, яна робіць усё смялейшыя крокі па стварэньні новае ўрбаністычнае міталёгіі, прымушаючы дзеяньне адбывацца ў абсалютна канкрэтных і вядомых усім менчукам мясьцінах (Палітэхніка, Камароўка, Старажоўка, кавярня «На ростанях»…). Такая канкрэтыка, пазнавальнасць робіць творы жывейшымі. Прыгадваю, зь якім захапленьнем я некалі прачытаў праскі гатычны раман Мілаша Урбана «Сем храмаў», а потым выправіўся на прагулку па Празе і радасна пазнаваў: ага, вось на гэтым мосьце вісеў труп бабулькі, а на прыступках гэтага касьцёла быў знойдзены мужчына з нажом у сьпіне. Асабіста я ніколі ня быў у менскай Палітэхнікі, але, далібог, некалі выпраўлюся паглядзець, дзе ж гэта ў Яніну страляў Андрэй Накрый-Мяне-Андаракам з «Пасткі для крата». Перакананы: пісаць так і трэба каб экскурсаводы некалі маглі распавядаць турыстам: гэты дом (вуліцу, раён, кавярню…) апяяў у сваім вядомым творы беларускі пісьменьнік/-ца…

      Трохі парадаксальна, але пры ўсім тым Наталка Бабіна застаецца сёньня найбольш яскравай берасьцейскай пісьменніцай ці, яшчэ дакладней, пісьменніцай берасьцейскіх ваколіцаў. Гэта засведчылі і тэксты, уключаныя ў гэты зборнік («Баль», дыптых «Словы, якіх я чакаю»), а яшчэ ў большай ступені пакуль ня выдадзены раман «Рыбін горад», зь якім мне пашчасціла пазнаёміцца ў рукапісе. Берасцейшчына, Заходняе Палессе – гэта памежжа трох краінаў (Беларусі, Украіны і Польшчы), тэрыторыя непаўторнага культурнага, моўнага, сацыяльна-гістарычнага фэномэну, які недаравальна заставаўся па-за ўвагай нашых творцаў. Нізкі паклон Наталцы Бабінай, якая сваімі «берасьцейскімі» творамі, кажучы па-сучаснаму, спрыяе дывэрсыфікацыі часта напаўжывой літаратуршчыны і прыўносіць у нашае пісьменства струмень аўтэнтыкі.

      Кароткія апавяданні Наталкі Бабінай «Баль», «Крыві не павідна быць відна» або «Зроблена рукамі Альбіны Юдчыц» нечым нагадваюць «Трапізмы» Наталі Сарот: плаўная апісальнасць, поўная адсутнасьць публіцыстычнасці, лёзунгавасьці, проста канстатацыя дзеяньняў ці ўспамінаў. І праз гэта ўсё праступае настраёвасьць, настальгічнасць, лірычнасць.

      Іншым аповедам – наадварот – уласьціва амаль журналісцкая расстаноўка акцэнтаў, эсэістычнасьць, роздумнасьць, праблемнасьць. Яшчэ – замілаванасць і заклапочанасьць пры падачы гісторыяў вясковых мадоннаў («Сучасная назва Мідылі», «Шкельцы, шкельцы»…). А як выдатна ў Бабінай атрымліваецца спалучаць рэчаіснае з ірэальным – так, што часам не зразумела, ці гэта ўжо пачалася фантастыка, ці мы патрапілі ў палон інтэнсіўнай мэтафорыкі («Калі прарэзваюцца рожкі»).

      Мэтафорыка, калярытная экспрэсіўная мова – канёк і візытоўка Наталкі Бабінай. Яна ўмее напісаць так, што апавяданьне засмоктвае і не адпускае зь першае фразы.

Сяргей Сматрычэнка

      Калі прарэзваюцца рожкі

      Ледзьве стрываўшы, каб не застагнаць, я адарвала галаву ад падушкі, села на ложку і сама сабе жахнулася: жаданьне зараз жа скончыць гэтае паскуднае жыцьцё дамінавала над усімі астатнімі. Пакуль я курчылася над ракавінай, пакуль, трымаючыся за галаву, грэбалася ў скрыні зь лекамі, пакуль мяне,