Название | Тэорыя змовы |
---|---|
Автор произведения | Уладзіслаў Ахроменка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2011 |
isbn | 978-985-6991-22-9 |
Малалетка Лаліта выцягнула пірсінг з пупка, зашпіліла яго ў вуха і ўзялася крытычна вывучаць у бакавым люстэрку выканкамаўскага «мерседэса» уласны адбітак.
Капітан Капейкін жлукціў гарэлку з армейскай біклажкі і размаўляў з бомбай ласкавым рускім матам. Ён абяцаў неадкладна распачаць полавую сувязь з самім боепрыпасам, з капітанам Гастэлам і яго маці, а таксама са старажытнымі замкамі, сінявокімі краінамі, заакіянскімі фраерамі і нават з пархатым валацужным сабакам, які недарэчна круціўся пад нагамі.
Манда Іванаўна згорбілася, акуратна адляпіла вільготную блузку ад разамлелых цыцак і добразычліва паглядзела на гіганцкі торт, толькі што выстаўлены на стол. Святочны бісквіт у выглядзе ДОТу з «Лініі Сталіна» аздабляў каліграфічны крэмавы надпіс «Ніхто не забыты, нішто не забытае!» Загадчыца Дома Культуры пацэліла нажом у вафельны танк Т-34.
– Пятровіч, пайшлі торт есці! – Манда Іванаўна цягнула шыю, выглядаючы Качана.
– А як наконт на брудэршафт выпіць, за мілых дам? – імпэтна адрэагаваў старшыня райвыканкама.
Сонечны прамень праслізнуў у аблоках. Пляшкі на сталах успыхнулі шматабяцальнымі знічкамі. З сядзібы пад замчышчам данеслася інтымнае рохканне. – Іванаўна, чуеш? – сентыментальна пасміхнуўся старшыня выканкама. – Гэта мой Аўка… Сумуе, падшыванец!
– Дагэтуль кабанчыка гадуеш? – Манда Іванаўна засяроджана кроіла кулінарна-патрыятычны шэдэўр.
– А то! Ты ж пры сваім Доме Культуры калісь таксама свінчо трымала…
– А я вось думаю, неўзабаве павінна дырэктыва выйсці, якая ўсім дзяржслужачым прыватных кабанчыкаў забароніць… – на ілбе Манды Іванаўны прарэзалася трагічная зморшчына.
– А ты не думай. Я ўжо гадоў пятнаццаць, як не думаю. Рабі, што кажуць, і ўсё будзе добра. Бач, мерапрыемства ўдалося. Народу падабаецца. Усім, здаецца, дагадзілі.
– Ніхто не забыты, нішто не забытае! – па сітуацыі азвалася загадчыца Дома Культуры.
– Куды там розным еўропам! – натхняўся Качан. – У нас тут, як у лепшых дамах, сама ведаеш чаго… Ну, давай, за стабільнасць!
Знянацку ад фантана данесліся стрыманыя мацюгі. Галовы прысутных лянотна павярнуліся да недарэчнага замяшальніцтва. Натоўп хаатычна завіраваў; так здараецца, калі падпітыя дзядзькі ловяць жвавага парсючка.
Качан глянуў у бок помніка, сутаргова зглынуў торт і праліў гарэлку на гальштук.
На кафляны парапет помніка-фантана ўзбіўся нязграбны маладзён з экстрэмісцкім надпісам на футболцы. Яго анемічны твар выяўляў незадаволенасць жыццём і далікатнасць псіхікі. Гэта быў малады спецыяліст Скіргайла, летась размеркаваны з Мінску. У Таргачове яго ўспрымалі, як бяскрыўднага вар’ята: піша адраджэнскія вершыкі, з усімі гаворыць па-беларуску, але сацыяльна бяспечны, у стацыянар можна не выпраўляць. На дзяржаўным мерапрыемстве адраджэнец глядзеўся абсалютна недарэчна, як запаленая паходня ў бомбасховішчы. Двое разамлелых праваахоўнікаў нязлосна зганялі маладзёна