Название | Душа твая светлая |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7292-6 |
Наталля паглядзела на Дзядзюлю сумным, як бы вінаватым позіркам і ціха сказала:
– Ну вось. Цяпер ты ведаеш пра мяне ўсё. І як пісаў паэт: «Чего же боле? Что я могу еще сказать? Теперь, я знаю, в вашей воле меня презреньем наказать».
І горка ўсміхнулася:
– Што было, тое было… Тым не менш я ні аб чым не шкадую. Мой любімы Януш Вішнеўскі навучыў мяне, што варта слухацца сваіх жаданняў, як толькі яны прыходзяць, і нічога не адкладваць на пасля.
Яна паднялася і пайшла да возера, нерухома застыла на краёчку вады. І ў гэтай маўклівай постаці было столькі суму, журбы, жаночай горычы, што Дзядзюля не вытрымаў, падышоў да Наталлі, пяшчотна абняў яе за плечы. Яна павярнулася да яго, і ён убачыў, як з яе вачэй паволі сцякаюць жамчужынкі слёз.
– Наталі… мілая… не плач, – суцешна шаптаў ён, цалуючы яе шчокі, вусны. – Не плач. Я кахаю цябе, Наталі.
Яна парывіста абняла яго і апякла гарачым, невымоўна салодкім пацалункам. Дзядзюля не помніць ужо, як ён, ап’янёны, нібы звар’яцелы ад неспатольна-страсных пацалункаў, ад яе маладога, пругкага, гарачага цела, праваліўся ў нейкае аглушальнае прадонне, дзе бушаваў расхрыстаны шторм і гучала нечуваная, незямная музыка.
Выплылі яны ў рэальнасць ледзь жывыя, задыханыя. Моўчкі ляжалі побач усё яшчэ ва ўладзе неверагодных пачуццяў.
Наталля павярнулася да яго і шапнула на вуха:
– Сёння я ўпершыню адчула сябе жанчынай.
– Наталі, – пяшчотна адгукнуўся ён. – Дзякуй табе за ўсё. Я сёння шчаслівы.
7
Наталля знікла раптоўна і нечакана.
Дзядзюля званіў ёй на дзень шмат разоў – абанент быў недаступны. Хадзіў да Дома прэсы пад канец рабочага дня, спадзеючыся сустрэць жанчыну там, – марна. Аднойчы не вытрымаў, зайшоў у рэдакцыю. На пытанне, ці можна бачыць Наталлю Кот, яе каляжанка абыякава, не адрываючы галавы ад папер, адказала:
– А яна захварэла.
Захварэла. Чаму ж упарта маўчыць? Што здарылася?
Дзядзюля пакутаваў у розных здагадках і не знаходзіў сабе месца.
Яна пазваніла сама.
– Наталі! – абрадаваўся Дзядзюля. – Дзе ты? Што ты?
– У мяне ўсё кепска. Вельмі кепска, – глухім, як не сваім голасам адказала яна. – Калі ласка, выслухай мяне і зразумей. Нам больш нельга сустракацца.
У Дзядзюлі пахаладзела пад сэрцам:
– Але чаму, Наталі?
– Муж адчуў перамену ў маіх адносінах. Я не магу прытварацца. Ён усё зразумеў. Аддаліўся. Не лае, не б’е. Маўчыць. І дачушка на яго баку. А для мяне гэтае гнятлівае маўчанне – невыносная пакута. Лепш бы ён мяне лаяў, біў.
– Наталі, нам трэба сустрэцца. Гэта сур’ёзна, вельмі сур’ёзна. Размова не па тэлефоне.
– Не, Васілёк. Не магу.
– Не можаш ці не хочаш?
– Не магу і не хачу. За свой грэх я заслужыла тое, што маю. Павіч праўду казаў: кожнае вялікае каханне – гэта свайго роду кара.
– Глупства! Якое неймавернае глупства. Каханне