Название | Чароўная скарбніца |
---|---|
Автор произведения | Людмила Рублевская |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7348-0 |
– Смачна есці! – пажадаў ён унучцы і дадаў: – Усім хаўрусам снедаеце?
Унучка ўсміхнулася:
– Ага, так весялей і смачней!
Улада ледзь стрымлівала смех, бо заўважыла, што каманда «цац!» заспела Рудаша, калі ён паклаў у рот цэлы сырнік. Яго шчокі сталі такімі круглымі, што аж вочы прыжмурыліся.
Дзед паставіў на стол імбрычак, два кубачкі і, перасаджваючы вухуцян на адно крэсла, сказаў:
– Зараз і бабуля з намі гарбаты пап’е.
Пакуль дзед адвярнуўся, каб наліць духмяны напой, Рудаш хуценька праглынуў сырнік і з палёгкай уздыхнуў. Прыйшла бабуля Галя і прынесла з саду толькі што сабраныя клубніцы.
– Частуйся, Улада!
– Дзякую! Сняданак, як заўсёды, смаката! – сказала дзяўчынка.
Усе разам пілі гарбату са свежай мятай.
Улада вырашыла выкарыстаць удалы момант для просьбы:
– Мне так хочацца сёння пабываць у заапарку! Калі ласка, давайце паедзем!
– Не атрымаецца, мы з бабуляй па справах спяшаемся, – патлумачыў дзед.
– А заўтра зможам? – запыталася ўнучка.
– Толькі на наступным тыдні, – сказаў дзед.
Улада засмуцілася. Тата з мамай працуюць, усе спадзяванні былі на тое, што дзед з бабуляй адвязуць у заапарк яе і вухуцян. Да наступнага тыдня чакаць занадта доўга, госці могуць і дадому сабрацца, а то бацькі занепакояцца.
– А мне так хацелася ў заапарк, – сумна ўздыхнула дзяўчынка.
Яна гатова была расплакацца. Дзед паспрабаваў суцешыць:
– Усё лета наперадзе, абавязкова з’ездзім!
Выйсце знайшла бабуля. Яна ўмела выправіць любую сітуацыю. Вось і цяпер прыдумала, як паступіць.
– А ты, Уладачка, папрасі, каб Стасік з табой паехаў! Цудоўная кампанія, праўда?
– Згодна! – засвяцілася ўсмешкай дзяўчынка.
Бабуля і дзед дапілі гарбату і паспяшаліся па справах, Улада зноў рассадзіла сваіх гасцей па крэслах, і яны працягнулі сняданак.
– А хто такі Стасік? – запытаўся Вухуцік, намазваючы масла на хлеб.
– Гэта мой стрыечны брат. Ён ужо дарослы, нядаўна гімназію скончыў. Галоўнае, каб пагадзіўся з намі паехаць, можа, і ў яго свае планы ёсць.
Стасік з бацькамі жыў у суседнім доме. Улада адправілася да яго, а вухуцянам дазволіла пагуляць з сабачкамі. Кітка і Кася радасна сустрэлі новых знаёмых.
– Быццам год не бачыліся! – адзначыла Мінола, гладзячы Кітку, хвост якой круціўся, нібыта прапелер.
А Кася танцавала перад вухуцянамі на задніх лапах і шчасліва павісквала. Калі Улада вярнулася, уся кампанія ганяла мячык. Дзяўчынка хвілінку палюбавалася іх гульнёй, а потым паведаміла:
– Цудоўныя навіны! Стасік пагадзіўся адвезці нас у заапарк. Збіраемся!
Вухуцяне хацелі і сабачак з сабой узяць, але гаспадыня адмовіла: маўляў, там звяроў хапае і сваіх туды прыводзіць нельга.
Калі Улада сабралася і выйшла з дома, Стасік ужо чакаў яе. Вухуцяне з цікавасцю разглядалі яго: высокі