Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі: – Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца. І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі: – Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў: – Дурняў друкуюць пры жыцці, а вар’ятаў і пасля смерці. Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўраду. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць… 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае.
У рамане «Чужая бацькаўшчына», які ўваходзіць у вядомы пісьменніцкі цыкл празаічных твораў, адзначаных Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа, Вячаслаў Адамчык стварыў вобраз заходне-беларускай вёскі ва ўмовах даваеннай польскай дзяржавы. Празаік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечае душы і традыцый вясковага побыту.
Жыццё на грані, каханне насуперак, адданасць як дадзенасць, а боль і перамога болю як існасць, разам з тым інтымная спавядальнасць Мілера, іранічнасць Букоўскі, лірызм Саган, смеласць Фолкнера, грындхаўс Таранціна і Радрыгеса – такая сёння проза Міколы Адама. Стварыўшы свой, уласны грындхаўс, ён запрашае нас зірнуць на саміх сябе вачыма герояў, на месцы якіх можа апынуцца кожны з нас у любы момант.
У сваім новым рамане Ксенія Шталенкова запрашае чытача ў чарговае падарожжа. Гэтым разам – у Менск ХІХ стагоддзя.
Варвара Станкевіч, пятнаццацігадовая школьніца з Вільнюса, выпадкова набыўшы старажытнае люстра, трапляе скрозь яго ў Вільню сярэдзіны ХVІ стагоддзя, дзе знаёміцца з юным шляхцічам Міхалам Саколічам. Сябрам выпадзе даведацца пра таямніцу люстраў, пабываць пры каралеўскім двары Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл, а таксама апынуцца ў самым віры інтрыг і змоў.
У чацвёртай кнізе цыкла Людмілы Рублеўскай пра прыгоды шляхцюка Пранціша Вырвіча і полацкага доктара Баўтрамея Лёдніка, дзеянні спачатку пераносяцца ў Францыю, а затым вяртаюцца ў Беларусь. Героі зноў апынуцца ў сітуацыях, з якіх, здаецца, няма выйсця – будуць шукаць спосаб выжыць ў падводнай лодцы, выратоўваць на судзе Саламею Лёднік, біцца з Германам Ватманам, працаваць як двайныя агенты і на канфэдратаў, і на караля. Акрамя гэтага, зноў сваю ролю сыграе карона святога Альфрэда. І, галоўнае, нарэшце Пранціш Вырвіч стане шчаслівым!
Новы дэкадансны раман Людмілы Рублеўскай пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, – якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem – адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць. Вы не зможаце адарвацца ад гэтага раману. Дэкаданс, готыка, хорар, палкае каханне насуперак усяму і бязлітасная чалавечая подласць… Рамантычная і жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.
Усе прадстаўленыя тут казкі ўзятыя з чацвёртага тома «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава (Віцебск, 1891). Тэксты пададзеныя ў тым жа правапісе – ці, слушней будзе сказаць, у тых жа правапісах, – што ў арыгінальным выданні. Назвы іх, у Раманава часам дадзеныя па-руску, я ў кожным выпадку пагадніў з моваю і правапісам саміх казак. Пазнакі адносна месца і абставінаў запісу пакінутыя без зменаў. Шостая казка і дзевятая абедзьве называюцца ў Раманава «Мяртвец і малец». Я ўдакладніў назву шостай, каб не блытаць шаноўных чытачоў. Нарэшце, пятнаццатая казка ў Раманава ніяк не называецца і ідзе проста за казкаю «Жонка мёртвая і мужык», пасля пазнакі «Телешов. вол. гом. у.», сама ж ніякай пазнакі не мае зусім. Але і падабенства мовы, і супадзенне правапісу, і згаданыя паселішчы (Прыбар, Борхаў) – усё схіляе думаць, што яна была запісаная там жа. Я паставіў гэтую казку апошняю, бо яна, як на мой густ, лепей за якую іншую закрывае гэты маленькі зборнічак. Ан. Фран. Брыль. У афармленні вокладкі выкарыстана карціна Генрыха Вайсэнгофа «Беларускія могілкі».
Гэта кніга пра дзяўчынку з глухой вёскі, дзе яна зазнае здзекі ў сям’і, у школе. А з кожнага кутка ўвесь час чуе, што ўсе праблемы вырашаюцца з дапамогай грошай. І каб змяніць сваю жыццё, дзяўчынка рашаецца на ўчынак.
Тэма Мінска ў сучаснай літаратуры набірае папулярнасць. Мінск як месца, Мінск як галоўны герой і як фон падзей, што іх вызначае. Мінск у любых праявах – але абавязкова ён. У межах спецпраекта кніжнага фестывалю «Горад і Кнігі» дзесяць ужо сталых у мастацкім плане аўтараў папрасілі напісаць апавяданні пра Мінск. А яшчэ на 10 апавяданняў быў абвешчаны конкурс для аўтараў-пачаткоўцаў. Усе яны сустрэліся пад адной вокладкай гэтага зборніка. Розныя аўтары, розныя тэмы, але адзін Мінск.