Название | Канец адзіноты |
---|---|
Автор произведения | Януш Леон Вишневский |
Жанр | Современные любовные романы |
Серия | |
Издательство | Современные любовные романы |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-7210-41-1 |
Ранкам яго пабудзіў тэлефон. Калі б званіў хтосьці іншы, Якуб не падняў бы, але нумар належаў бацьку. Адно тое, што зараз ён пачуе бацькаў голас, ужо трывожыла, бо той званіў, толькі калі здаралася ці мусіла здарыцца нешта як мінімум непрыемнае. Якуб не памятаў, ці было такое, каб ён пазваніў проста так і спытаў, як сын маецца і што там у яго адбылося, – так часта рабіла маці. Бацька ж званіў альбо з кепскімі навінамі, альбо з якім-небудзь даручэннем, альбо каб праверыць, ці выканаў сын тое даручэнне.
Але тае раніцы было іначай – ён зразумеў гэта па бацькавым голасе. Фірма важнага падрадчыка ягонай карпарацыі «інфарматызавала нейкі важны аб’ект». З адпачынку чорт ведае чаму не вярнуўся «іх сраны інтранэт-інжынер, ці як там яго, а ты ж у гэтым спец, калі ласка, дапамажы ім». Спачатку Якуб нават не паверыў. Бацька пра нешта яго просіць! Памятае, што спытаўся, ці ўсведамляе той, што яго сын усяго другі год вучыцца на праграміста.
Бацька крыху памаўчаў, а потым прамовіў:
– Слухай, Якубе, скажу па-іншаму. Гэтаму іх праграмісту ў цябе павучыцца можна было б. Ну, я так думаю. Калі ласка, з’ездзі туды. Кіраўнік кампаніі – мой сябар, я яму паабяцаў. Ведаю-ведаю, ты мусіў сёння пайсці на канцэрт з мамай. Я ўжо ёй званіў, – апярэдзіў ён Якуба, які збіраўся нешта сказаць. – І доўга ўпрошваў, – ён захіхікаў, – і ўрэшце яна пагадзілася, каб я цябе замяніў. З’ездзіш?
– Тата, ну чаго ты. Вядома, з’езджу. Дзе гэта?
– Дзе? Ды я сам не ведаю. Той аб’ект, шчыра кажучы, вельмі дзіўны. Зараз па цябе машына прыедзе. Вазьмі з сабою якое адзенне, зубную шчотку, бо справа доўгая. Дзякуй, Куба, – ціха сказаў бацька і адключыўся.
Хлопец і не памятаў, калі бацька апошні раз называў яго Куба.
Ён паклаў у заплечнік ноўтбук, закінуў туды ж несэсэр, запхнуў зменную бялізну і праз пятнаццаць хвілін сядзеў на заднім сядзенні вялізнага «мерседэса». Негаваркі кіроўца ў чорным ільняным касцюме, белай кашулі і развязаным гальштуку, што нядбайна звісаў з шыі, нічога не ведаў ні пра які праект, а калі Якуб яго спытаў, паглядзеў падазрона і адрэзаў:
– Мая хата з краю. Начальства ўсё вам патлумачыць, малады чалавек, а ў мяне ў тэлефончыку адрасок. Куды паслалі, туды еду. Сказаць магу толькі, што гэта страшная дзіра ў пушчы на Мазурах, бо яе нават навігатар не паказвае.
– Тады выбачаюся, – з усмешкай адказаў Якуб. – Я думаў, вы і ёсць начальства. Даўно не бачыў такога элегантнага гальштука. З ядвабу?
– З ядвабу? – паўтарыў кіроўца, беручы ў руку гальштук і ўважліва да яго прыглядаючыся. – А я ведаю? Далі, сказалі насіць – ну я і душуся. А калі начальства не бачыць, развязваю, асабліва ў такую спякоцішчу. Гальштук харошы, гэта так, – ён крыху памаўчаў, а потым разрагатаўся і сказаў: – Я – і начальнік? Ну вы далі! Наш гальштукаў не носіць, толькі нам купляе. За свае. А сам ходзіць у трэніках і кедах, што на зніжках у «Лідле». Тачку не бярэ, хіба