Палескія рабінзоны. Янка Маўр

Читать онлайн.
Название Палескія рабінзоны
Автор произведения Янка Маўр
Жанр Книги для детей: прочее
Серия
Издательство Книги для детей: прочее
Год выпуска 1930
isbn 978-985-02-1304-4



Скачать книгу

там нож! – махнуў рукой Мірон. – Спачатку зробім павець, пад якой можна было б хаваць агонь у час дажджу. Нават не для вогнішча наогул, а для маленькага запаснога агеньчыка. Вунь там, напрыклад, між карэннямі можна.

      – А калі так, то маленькі агонь можна і ў будане трымаць.

      – Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба.

      Пачалі спрачацца.

      – Калі так, то будзем галасаваць! – крыкнуў Віктар па прывычцы.

      – Давай! – засмяяўся Мірон.

      Віктар схамянуўся і таксама пакаціўся ад смеху. Гэты смех спыніў спрэчкі.

      Яны ўбачылі, што і спрачацца не было чаго. Ніхто не перашкаджае падтрымліваць агонь і там і тут. Абы толькі сачыць і пільнаваць. Нарэшце згадзіліся перш будаваць хату.

      – Толькі трэба спачатку падмацавацца, – сказаў Віктар і павярнуўся да ўчарашняга мяса.

      Шась сюды, шась туды – няма мяса!

      – Што ж гэта такое? – развёў рукамі Віктар. – Можа, ты з'еў?

      – Ну-ну! – абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.

      За некалькі крокаў знайшлі невялікі абгрызены кавалак.

      – Значыцца, нейкі звер сцягнуў. Ах, каб яго разарвала! – вылаяўся Віктар. – Відаць, тут шмат звяр'я шнырыць, а мы пра гэта і не падумалі. Яшчэ на нас хто-небудзь нападзе.

      – Такіх драпежнікаў у нас няма, каб самі нападалі на людзей. Хіба ваўкі ўзімку, ды і то зграяй. А што нашу апошнюю спажыву ўкралі – справа зусім дрэнная, – сумна прамовіў Мірон.

      Становішча адразу павярнулася да іх другім бокам.

      Не толькі шкада было гэтага мяса, але паўстала пытанне: як быць далей? Не кожны раз будзеш лавіць рукамі зайцоў, а што яшчэ можна зрабіць без зброі?

      Віктар зусім апусціў рукі. Наколькі хутка і моцна выбухала ў ім энергія, настолькі хутка яна і знікала.

      – Гэтак зусім прыйдзецца тут загінуць, – пахмура прамовіў ён. – Пойдзем лепш зноў шукаць броду. Калі яшчэ вада спадзе – невядома.

      – Не, браток, гэтак нельга, – разважліва сказаў Мірон. – З роспачы кідацца ва ўсе бакі – апошняя справа. Трэба што-небудзь прыдумаць, каб спажывы дастаць, а тады ўжо шукаць броду.

      – Што тут зробіш з голымі рукамі? – безнадзейна махнуў Віктар.

      – Пойдзем пакуль на паляванне, а там пабачым. Відаць, і будаўніцтва прыйдзецца адкласці.

      – Бадай, прыйдзецца і за пугача ўзяцца, – уздыхнуў Віктар. – Усё ж такі смажаны пугач павінен быць не горшым за сырога зайца.

      Мірон узяў і па-гаспадарску агледзеў пугача. Пукатыя вочы, крывая дзюба нават цяпер пужаюць. Панюхаў яго Мірон і скрывіўся.

      – Можа, яшчэ і нічога, але неяк верне ад яго. Пагледзімо, што будзе далей, – сказаў Мірон і палажыў пугача пад дрэвам.

      Падклалі ў вогнішча таўсцейшых дроў і пайшлі «на паляванне». Накіраваліся ў сярэдзіну лесу, дзе яны яшчэ дагэтуль не былі. Па іх меркаваннях, яны тады прайшлі навакол кіламетраў дваццаць, значыцца, можна было лічыць, што невядомая ім мясцовасць мае кіламетраў шэсць упоперак. Прастора немалая.

      Конец ознакомительного фрагмента.

      Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

      Прочитайте