Імя грушы. Сяргей Балахонаў

Читать онлайн.
Название Імя грушы
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2005
isbn 985-6701-87-2



Скачать книгу

аллі Клыкоўскай

      з расейскае

      Не лепшая я ад іншых апавядальнікаў пра старыя падзеі, пагатоў так многа часу прамінула з тых зыркіх дзянькоў маёй маладосці. А перажыла я ўжо два вякі Хрыстовы і ніколі не ўзялася б за пяро, каб не ўнучкі мае, каторыя так умільна пытаюць, ці не прыходзілася мне зазнаваць у сваім жыцці рамантычныя або авантурныя прыгоды. Я подаўна збіралася расказаць пра тыя дзіўныя і незразумелыя аж дагэтуль здарэнні, якія адбыліся перад некалькімі гадамі да апошняга процірасейскага паўстання ў краі. Але ж паяднаць усе патрэбныя дэталі ў суцэльнасць было нялёгка. Між тым кожная драбязка мае тут сваю значнасць для разумення перажытага. Цяжка было ўзяцца за пяро яшчэ і таму, што як раз ад тых летаў не практыкавалася я ў рэчах літаратурных, чаго вымагае мая цяперашняя задума. Хацела б таксама папярэдзіць кожнага імавернага чытальніка гэтых прыпамінкаў, што ён рызыкуе трапіць у палон маіх асабістых перажыванняў, якія спрычыніліся да такога ўспрыняцця той эпохі, каторае размінаецца з поглядамі іншых людзей. У кожным разе, спадарове, мне хлусіць не выпадае. За гэтым рачце пачаць урэшце маю аповесць аб часах змінулых.

      Маленства маё прайшло ў заштатным гарадочку Гомель, які толькі на мой чатырнаццаты год жыцця стаў павятовым цэнтрам. Апошняе па вялікім рахунку нічога ў маім жыцці не змяніла, бо яшчэ да гэтага найшчаслівейшага для Гомеля моманту, я мела фартуну навучацца не абы-дзе, а ў інтэр’ерах княскага палаца. Князь Іван Фёдаравіч Паскевіч надта спагадаў нашай сям’і. На чым палягалі прычыны гэтае спагады, тут меркаваць не бяруся. Але дзякуючы князю я атрымала выдатную, як для Гомеля, дамовую адукацыю. А найлепш мне давалася музыка, на якой урэшце больш грунтоўна я і спынілася. Па смерці дабрадзея нявестка ягоная Ірына Іванаўна дазволіла мне давучыцца і атрымаць належныя паперы, што адукацыю маю пацвярджалі. Далей я мусіла ісці на свой хлеб. Спачатку жадала выехаць у Магілёў, але мама мая Аляксандра Феафілаўна рачыла знайсці мне пратэкцыю і пасобіла, такім чынам, з работаю ў Менску.

      І вось я вераснёўскім днём, адсвяткаваўшы наконадні з сям’ёй і дрýжкамі дзень майго анёла-заступніка і васемнаццаты год нараджэння, мусіла адвітацца з бацькоўскімі мясцінамі і выправілася ў той губернскі горад. Менск (а так горад зваўся ў даўніх летапісах, так яго мянуе просты люд, такую назову ўжываў і галоўны герой маіх прыпамінкаў) сустрэў мяне туманам і брыдкаю імжою. Не знаю ад чаго, але даймала такое адчуванне, што то былі не драбнюткія дажджынкі, а кропелькі мёду ці яшчэ чагось ліпкага. Гэтая ліпкасць якраз і тварыла ўражанне брыды. Да ўсяго дадавалася прыгадка пра чуты мной у восем годзікаў расказ аб выпадку выпачлівасці надвор’я ў далекаватай ад Гомеля Вільні. Там у часе красавіцкае навальніцы выпалі масы нейкага рэчыва шэрага колеру, якое складалася з камякоў памерам у гарэх. І было яно ці то смалістым, ці то сцюдзяністым. Нічым не пахла. Калі навучоныя дзядзечкі бралі гэта рэчыва паліць, яно распаўсюджвала саладжавы пах. А калі кідалі ў ваду яно разбухала, нібыта жэлацін, а пасля рабілася надта падобным на дрыжэль. Мо’ і нявартым было б гэтую гісторыю тут прыгадваць, але яна доўгі час пужала мяне. Дык не дзіва, што нават намёк на штось блізкае таму прычыняў мне дыскамфорт у значна сталейшым веку. Сапраўды, я баялася шэрага жэлаціну, а зусім не таго, што ў адрозненне ад браціка не маю Wiwimacher, як спрабуюць цяпер давесці некаторыя аўстрыйскія дактары. Вось жа ўявіце мой душэўны стан, калі мне «пашчасціла» трапіць у Менску пад клейкую імжу! Хоць можа яна зусім і не была клейкаю, а толькі маё хваляванне на парозе новага жыцця выдавала такога кшталту сімптомы. Да таго ж у горад я троху спазнілася. З-за сялянскіх хваляванняў паліцыя не прапусціла наш экіпаж звычайнаю дарогай, і давялося рабіць досыць вялікі крук, каб лучыць у Менск па Барысаўскім тракце. Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Свіслач звівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома, асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасць свіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія і шырокія, то вузкія і даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі і кратаванай агароджай. Далей былі гаі і алеі гарадскога саду, размаітыя нязнаныя мне свецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлагбаум (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: «Вось ты, Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!». Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да таго нешта ў Карамзіна і памятала, што першы ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае знішчэнне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То і мроіліся мне фурманкі, наладаваныя соллю,