Название | Дзень Святого Патрыка |
---|---|
Автор произведения | Ганна Севярынец |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7097-57-9 |
Ды што тут казаць. Бацька не любіў жывога і непаспяховага сына. Але ж калі той стаў класікам…
Аднойчы Дамейка выказалася вось так наконт Адама Ягоравіча на нейкім банкеце, які па навуковай завядзёнцы фіналіў чарговую канферэнцыю. Выказалася ціха, але эмацыйна, старой прафесарцы з Гародні. Калі б не надта смачнае чырвонае віно, Марына б – ніколі і нікому, але віно пілася як гарбата, а прафесарка падавалася зусім свойскай. Яна паслухала Дамейку моўчкі, паківала галавой, а потым запыталася: «А ў вас дзеткі ёсць, Марыначка?» «Пакуль не», – адказала Дамейка і ў адзін момант адчула, што ўсё папярэдне сказанае было непрыгожым трызненнем саплівай смаркачкі. «Будуць, абавязкова будуць», – чамусьці сумна сказала прафесарка і цяжка ўздыхнула.
Не, Марыне не хацелася залішне дэманізаваць Адама Ягоравіча. Ён быў бацька, па-першае, а па-другое, усё ж такі беларушчына да яраслаўскага гімназіста Максіма ішла з ягоных, з бацькавых рук. Але ж тых матылькоў, якіх бацька-этнограф з навуковымі мэтамі лавіў і прышпільваў на мяккі аксаміт калекцыі, сын нейкім цудам ажыўляў і выпускаў на волю. І яны, шпаркія, лёгкія, віліся па-над белым пухам вішняў, бессмяротныя, бездакорныя, светлыя, вечныя. І наогул, ёй падавалася, што беларуская літаратура для Максіма, улічваючы яго складаныя адносіны з бацькам і наогул матрыцу адносінаў бацькоў і сыноў, была ідэальнай самарэалізацыяй. І справу бацькаву працягваў, і супрацьстаяў яму. Зерне, якое абвяргае колас, з’яўляючыся ягоным параджэннем.
Максімавы мачахі, абедзве Аляксандры, не выклікалі ў Марыны ніякіх асаблівых пачуццяў. Так, яны пасынкаў не любілі. Так, асабліва не клапаціліся. Так, не ўспаміналі. Але ж як успамінаць – у саміх жыццё было несалодкае. Свае сыны паміралі, калі тут думаць пра чужых?
І Клаву Салтыкову, напэўна, адзіную, хто мог бы зацяжарыць ад Максіма і ажыццявіць ягоную мару, і нарадзіць прыгожаму хлопцу прыгожае дзіця, яна не любіла звычайнай жаночай нелюбоўю, якая заўсёды нараджаецца з рэўнасці.
Гэтая гераіня знакамітага «Інтымнага дзённіка» Максіма падавалася ёй (і, далібог, была!) такой прасцячкай і пустэчай, што нават крыўдна станавілася за паэта. Марына бачыла дакладна, нібыта сама гушкалася ў тых сумных гамаках на лецішчы ў Старым Крыме, дзе Максім і Клава лячылі сухоты: вось хударлявая, смуглявая, зухаватая Клава, зарана выдадзеная замуж за неблагога, па сутнасці, але нуднага чалавека, вось сарамяжлівы, відавочна няўмелы ў любошчах, але ж малады і прывабны Максім, вось лецішча, на якім павінна, ну абавязкова павінна здарыцца нейкая рамантычная авантура… Ёй – авантура, а яму?
Калісьці Дамейка ледзь не аблівалася слязьмі над гэтым «Інтымным дзённікам» – натхнёнымі, юнацкімі запісамі, у якіх узрушаны Максім фіксаваў Клавіну «авантуру»: і як яна рабіла выгляд, што не заўважае, і як, хаваючыся ад малодшай сястры, запрашала пагуляць вакол