Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Авантуры студыёзуса Вырвіча
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Исторические приключения
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Исторические приключения
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-16-9



Скачать книгу

пані гатовая аддаць усё на свеце, каб гэты хлопчык быў ейным сынам.

      Юны паніч Алесь не хацеў сыходзіць ад цікавага дзюбаносага доктара і ўчыніў цэлы канцэрт, калі яго перадавалі на рукі няньцы і ўсаджвалі ў карэту. Толькі абяцанне Лёдніка, што наступны раз пакажа, як утвараецца вясёлка проста ў лабараторыі, супакоілі малечу. Гэтак жа, як і падораная кніжка з прыгожымі малюнкамі пра ўсе краіны свету – на малюнках хадзілі плямістыя жырафы з даўжэзнымі шыямі, уздымалі сякеркі патагонцы з пер’ямі ў доўгіх валасах, красаваліся вялізныя сланы з насамі, падобнымі да змей, каля японскага імператара стаялі слугі з агромністымі веерамі… Пан Алесь уткнуўся ў кніжку (усепаглынальная любоў да кніг была ў паніча, вядома, прадказальнай), і дазволіў адвезці сябе да маці.

      Пані Саламея рэшту дня прасядзела, замкнуўшыся ў пакоі. З-за дзвярэй чуліся толькі ціхія словы малітваў.

      “Бездань бездань прызывае ўва гласе хлябій тваіх, уся высоты Твая і хвалі Твая на мне прэідоша”…

      А потым быў ліст. Звычайны ліст, у канверціку, запячатаным сургучом с адбіткам знака, які для знаўцаў шляхецкіх гербоў – а такім мусіў быць кожны праўдзівы шляхціц – чытаўся адразу: брама з крыжам наверсе, якая вядзе да вайсковага намёту. Частка герба Агінец, якім карыстаюцца князі Багінскія.

      Пасланец, малады жвавы хлопец у кавалерскім адзенні, сунуў Вырвічу канверцік проста ля выхаду з універсітэту і знік у натоўпе, не адказваючы на пытанні.

      Дарэмна Лёднік вінаваціў Пранціша ў нецярплівасці! Студыёзус не стаў раздзіраць канверт проста на вуліцы. А дабег да свайго ўлюбёнага месца на Замкавай гары, да руінаў замку, у якім сто год таму трымаў аблогу невялікі расейскі атрад, і гарматы ператварылі муры ў друз.

      Ласкавае сонейка, з ужо заўважнай восеньскай трывогай аб сваім хуткім ахалоджванні, прыстроілася за плячыма расчуленага студыёзуса, які сядзеў на збуцвелай бэльцы, пад вартай сівога дзядоўніку, і прыціскаў да твару маленькі канверцік, ад якога сыходзіў неверагодна хвалюючы пах вербены, мускусу і лепшага, поўнага бляску і прыгод, жыцця. На маленькім аркушыку, які знаходзіўся ў канверце, вядома, не магло змясціцца ўсяго, што нафантазіраваў сабе студыёзус, але галоўнае мелася: Паланэя Багінская, прыдворная дама, прыгажуня, магнатка, прызначала спатканне загоннаму шляхцюку Вырвічу! Праўда, у знаёмай манеры: загадкава, нічога толкам не тлумачачы, і загадна. Сёння, на захадзе сонца, у доме за дамініканскім касцёлам, патаемна.

      І, вядома, Вырвіч моцна падазраваў, што расплоціцца за гэты гонар, як і мінулы раз, вельмі дорага, рызыкуючы ўласнай скурай дзеля магнацкіх інтрыгаў…

      Але чым прыгода небяспечней, тым болей гонару для рыцара!

      У дзядоўніку зашаргацеў вецер, белае пухнатае насенне цёплымі сняжынкамі закружляла, паляцела сеяць новае жыццё, павялічваць Вялікую Дзяржаву Дзядоўніка… Мала што хтось лічыць гэтую расліну пустазеллем – а яна проста злуе ўсіх тым, што мае і пяшчотныя яркія кветкі, і вострыя дзіды, каб бараніць сваю прыгажосць, і моцнае сцябло – не сарвеш голымі