Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч

Читать онлайн.
Название Трынаццаць дзён (зборнік)
Автор произведения Анатоль Кудласевіч
Жанр Поэзия
Серия
Издательство Поэзия
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7021-57-4



Скачать книгу

Здалёк можна было падумаць, што ён прырос да дрэва.

      – Чорны воран, – пракрычаў чалавек, – чаму ты так любіш сіняе неба?

      – Кар-ар! – адказаў крумкач. «Кар-ар!» – адгукнулася начное рэха.

* * *

      І ўсё ўсплыло раптам, праз сорак гадоў жыцця, калі ўнук расказаў чалавеку пра свой жудасны «сон». Чалавек успомніў сваё – і яму стала прыкра і балюча: як жа так? Ён забыўся на самае важнае і галоўнае – жыў, як давядзецца, не думаючы ні аб чым, а недзе там, у чорным космасе, яго ўжо даўно чакаюць. І трэба прыйсці і прайсці няпройдзены адрэзак шляху, на які не хапіла смеласці ў маладосці. І там апошняе… Ён даўжнік! Як жа так? Яго ж папярэджвалі? Адпушчаны авансам… І зноў не паспеў. Забыўся. Што ж там? Цемрадзь… Пагібель… Канец… Канец? О, Божа…

(Часопіс «Маладосць». № 11, 1996 г.)

      3. Ад Крыжыка да крыжа

      1

      За паўгода да таго, як споўнілася трыццаць тры гады, ён згубіў свой нацельны крыжык. Звычайная дробязь, але абставіны, пры якіх не стала крыжыка, стрэмкай заселі ў душы. Крыжык быў Віктаравым равеснікам і доўгі час ляжаў, загорнуты ў анучку, на дне абабітай каванымі арнаментамі скрыні разам з яго метрыкамі, са шлюбным пасведчаннем бацькоў і з матчыным медалём «За трудовую доблесть». І вось аднойчы (яму было тады гадоў 26) Віктар звярнуўся да маці.

      – Ці ёсць той крыжык, з якім мяне хрысцілі?

      – Не ведаю… Трэба паглядзець. Павінен быць дзесьці, – прыпамінала яна. – А навошта ён табе раптам спатрэбіўся?

      – Хачу насіць! – адказаў Віктар.

      Маці не стала распытваць, чаму гэта раптам сыну захацелася насіць крыжык.

      «Ці мала якая мода прыходзіць, вунь і артысты на сябе паначаплялі, не тое што раней хаваліся, каб пахрысціць дзіця», – а ўслых сказала толькі:

      – Глядзі ж, не згубі, дрэнная прыкмета. На ўсё жыццё памятка. – І палезла ў скрыню.

      Доўга перакладала прапахлыя нафталінам сувоі палатна, задаволена перабірала «амерыканскія» хусткі, разгортваючы, пераглядала вышываныя сурвэткі, ручнікі ды адрэзы матэрыі і, нарэшце, выцягнула спадыспаду невялікі пудэлак, сцягнула гумку, якой ён быў перахоплены, і зняла накрыўку.

      – Тут іх два, адзін Святланін, другі твой, – муляла яна зашкарузлымі пальцамі белы і жаўтаваты крыжыкі, нібы правяраючы іх на сапраўднасць. – Не ведаю нават, каторы чый? Далібог, не магу спомніць.

      Віктар выбраў сабе медны і адразу паверыў, што менавіта гэты павінен быць ягоным. Пачапіў крыжык на сярэбраны ланцужок, куплены загадзя ў горадзе, і павесіў на шыю. Колькі помніць, з таго часу ніколі не здымаў яго, хіба што аднойчы парваўся ланцужок: перапаяў нанова звяно і зноў адзеў.

      2

      Не скажаш, што Віктар быў набожным чалавекам, у царкву хадзіў зрэдку, маліўся калі ўспомніцца, але рэлігія цікавіла яго заўсёды. Ледзь не кожны дзень дадумваўся ён да вечных пытанняў: для чаго даецца жыццё? Што такое ўвогуле чалавек? Ці можна ведаць будучыню? Апошняе турбавала больш за ўсё, і дакладней было б сказаць так: «Ці можна ЗМЯНІЦЬ будучыню, нейкім чынам паўплываць на