Название | Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris |
---|---|
Автор произведения | Андрэй Адамовіч |
Жанр | Зарубежные детективы |
Серия | |
Издательство | Зарубежные детективы |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-7210-30-5 |
На шчаcце капітана Капейкіна, ён стаяў акурат плячо ў плячо з Андрэем Куцілам, апрануты быў у цывільнае, а валасы ў яго за паўгода адраслі так, што ён нічым не нагадваў таго маладога паголенага хлопчыка на фотаздымку. Пакаёўка ж разумела, што, калі яна пакажа на капітана Капейкіна, турэмнага тэрміну гаспадару ніяк не абмінуць.
Пакрысе госці пачалі супакойваць рэжысёра: маўляў, гэта нічога, давай вып’ем за твае новыя фільмы, клянёмся табе, пасля таго, што мы ўбачылі, мы ўжо ніколі не будзем ранейшымі, гэта перавярнула нас, як бы падчапіўшы крукам за ўспаміны, якія мы лічылі страчанымі, і перамяшаўшы з самым добрым з таго, што ёсць у нас, – і гэты сплаў забытых успамінаў і найлепшага – гэта цяпер і ёсць мы. Пакуль госці супакойвалі рэжысёра, Капейкін зрабіў выгляд, што ідзе ў прыбіральню, а сам выскачыў з кватэры, каб падабраць партрэт. Ён думаў, што, каб вярнуць грошы за друк, яго давядзецца здаць па вопісе на канспіратыўную кватэру.
Але я вас ведаю, як звараны бурак: пачнеш з вамі пра сур’ёзныя рэчы, а з вас скура злупіцца – і ўсё сваёй чырвонай цікаўнасцю павымазваеце. Што там такога ў тым фільме было, дый чаго рэжысёр так праз той партрэт раз’юшыўся? Чаго раз’юшыўся – то ясна, як напрамілы хлеб і на халодную рэйку шчакою прылегчы ў гарачы поўдзень, – проста не любіў, калі парушаецца аўтарская задума (а вы ж ведаеце, якое ў рэжысёраў жыццё: прыйдзе прадзюсар, улезе ў мантаж – і «давай-давай, хэпі энд мусіць быць, а драмы дадаць, а пакажы крытыка ўсяго ў белым, а тут трэба маю дачку ў галоўнай ролі»). Вось і раз’юшыўся рэжысёр, што брудным партрэтам лезуць да яго ў глыбіню рэзкасці.
А фільм вырашылі заўтра яшчэ раз пераглядзець. Але я на заўтра адкладваць не буду, зараз вам караценька перакажу, што ў тым фільме, як было і чым скончылася.
Адразу ў кадры з’явіўся мужык. І давай плакаць: «Што мне рабіць, што рабіць? Так я ўжо змарнаваўся і замучыўся, як у гэтага класіка французскага». Глядзіць кудысьці ўверх, у столь, ці што? Камера столь паказвае – там нібыта нічога цікавага. Мужык зноў: «Як гэтага француза, га?» А сам плача. Раптам з-за кадра хтосьці кажа:
– Войтэк, ды не ўбівайся так праз гэтага француза, ну забыў, як зваць, з кім не бывае.
Мы як бы даведаліся, што ў кадры плача Войтэк. А ён толькі мацней румзае і галосіць, а сам сядзіць у гарнітуры-тройцы, не раўнуючы прэзас правай партыі, ці, можа, натарыус, ці, на благі канец, прадсядацель райспажыўчага саюза. У гледачоў не-не дый узнікне думка: «Вось бы гэтага Войтэка ды на хаўтуры да Нюркі Парасінай сына, калі таго газавым балонам забіла, во гэта быў бы нумар! Нюрцы ўсе бабкі зайздросцілі б – то праўда, такі ўжо дзе плакальшчык, не ўзгадаю нават, каб такія ў каго на пахаваннях былі. Галоўнае, апрануты так густоўна». Гледачы ўжо прыцэньваюцца: «Вось Адэлька хутка коні дзвіне, ужо яе выпісалі з больніцы – паміраць, напэўна. Дык як бы гэтага Войтэка