Название | Крыштальная ноч |
---|---|
Автор произведения | Дар’я Трайдэн |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка». Пункт адліку |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2018 |
isbn | 978-985-7207-41-1 |
«Можа, кадук з’есць маіх немаўлят, можа, хапун ухваціць іх за ручкі і звядзе прэч. Лізун зліжа, ламец зламае. Можа, вужалка пакрыўдзіцца на майго сына і адпомсціць яму, можа, лазавік завядзе маю дачку, заблытае.
То хай яно спыніцца, хай не будзе ў Віргінаў нашчадкаў, хай гэты выкляты радавод чорных удоваў і пасівелых заўчасна мужчын забудзецца і занепадзе», – так шаптала Люта Віргін у сваім першым жыцці, так загаворвала сваё каханне, сваю апантанасць думкай пра ружовую дзіцячую скуру.
Калі беларуская жанчына кажа «хачу», зямля адказвае ёй «перахочаш».
Калі беларускі мужчына кажа «зраблю», зямля ўсміхаецца «паглядзім».
Зямля не даравала Люце наўмыснага пазбягання яе ўлады: выпхнула ў другое жыццё так, як ставяць у кут неслухаў, прымусіла глядзець у безвыходную лінію сутыкнення плоскасцяў, у белую сцяну паміж быццём і нябытам. Люта наноў пражывала мінулае, тонучы ва ўспамінах пра няпэўныя сны і крыўды дзяцінства, пакуль не дайшла да сёмага моста, да таго жаху і захаплення, да свайго бунту супраць таемных моцных істотаў, якімі поўніліся лясы і балоты.
Пасля Люце дазволілі выйсці, скочыць у чорную ваду, памерці ад зямлі ў лёгкіх.
Хто мы? Чаму зямля жарэ нас, быццам мёртвае мяса? Мы жывыя, мы прыдуманыя, мы пакалечаныя забаронамі на жыццё і мастацтва.
Я думаю пра Люту Віргін, жанчыну з прывіднымі рухамі, маркотнымі валасамі і горкай скурай. Зараз у яе новая магіла, другая за жыццё. На гэтае пахаванне ніхто не прыйшоў. Люта Віргін пасля яго не прачнулася: схаваная пад крыжом з чужым імем, якое прыдумалі ў міліцыі, яна ляжыць і трымае мёртвымі рукамі сваё цёмнае чэрава: усё скончана, нічога не скончана.
Калі я вымаўляю слова «зямля», ніз жывата сціскае экстатычны спазм.
Калі я ўяўляю вільготную чарнату размытай дажджом глебы, вочы закрываюцца, і язык павольна слізгае па вуснах.
Баразна. Разора. Гліна. Чарназём. Пясок. Суглінак.
Я б хацела кахацца на аголенай зямлі, адчуваць яе водар, холад, правобраз будучага магільнага покрыва. Без словаў, быццам мовы яшчэ няма – толькі гартанныя ўскрыкі, пах, інстынкт, кроў, смерць.
Кулон з Дзевай Марыяй патанае ў маіх мяккіх грудзях, бы ў размяклай цэгле, што набрыняла вясновымі залевамі. Я дакранаюся да свайго жывата. Я апускаю руку ніжэй. Я ведаю, што літасці не будзе, я не папрашу аб ёй.
Гандляркі і паэты, атланты і карыятыды, каласы і сярпы, людзі і балоты – дай нам усім досыць любові, каб трываць зямлю над нашымі целамі.
Было слова
Ён загадаў распрануцца. Прачытаўшы паведамленне, Амаранта сцягнула майткі і расхінула халат. «На мне нічога няма», – адказала. Правяла пальцам па баку тэлефона, павярнула на іншую плоскасць, узмацніла ціск і пяшчотна сцішылася, спынілася каля шкельца ўбудаванага ліхтарыка.