Название | Карона на дне віра (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Людміла Рублеўская |
Жанр | Книги для детей: прочее |
Серия | |
Издательство | Книги для детей: прочее |
Год выпуска | 2008 |
isbn | 978-985-6720-36-2 |
Але сёння ёсць травы і кветкі, якіх нельга зрываць зусім – бо знікнуць, і збяднее Божы свет яшчэ на адну прыгажосць.
Ты скажаш, дружа, што не ўсе кветкі і травы прыгожыя?
А вось і памыляешся: як у душы кожнага чалавека схаваная дабрыня, так у кожнай жывой істоце схаваная прыгажосць і дзівосная гісторыя. Трэба толькі ўмець убачыць, умець пачуць.
А калі не ўмееш – распытай зельніцу Юстыну. Яна пасадзіць цябе за накрыты вышываным абрусам стол, паставіць перад табой кубак з духмянай гарбатай, настоенай на верасе і чаборы, і раскажа, адкуль узнікла якая кветка, якое чароўнае паданне за кожнай травой…
Мечнік Ярмол, альбо Меч-трава
Кажаш, бег каля возера і парэзаўся аб такую брыдкую, калючую траву… Ну, па-першае, ты ўжо вялікі, і не варта плакаць ад драпіны. Зараз прыкладзем да парэзу лісцік трыпутніка, і ўсё зажыве. А трава, якая цябе парэзала, зусім не брыдкая. Але праўда, што вострая, як лязо.
А калісьці на берагах нашых блакітных вазёр раслі толькі мяккія, пяшчотныя травы і кветкі. I так прыемна было збягаць проста з лясной сцяжынкі ў прахалодныя, чыстыя, як шклянка, хвалі. Ты ж ведаеш, што нашы, беларускія, вазёры самыя прыгажэйшыя ў свеце? Ці не таму на нашу зямлю увесь час прывабліваліся хціўцы-нападнікі?
На беразе гэтага возера стаяў замак. Паўз яго, паміж возерам і лесам, ішла дарога да багатых і прыгожых беларускіх гарадоў. Князь і яго воіны, што жылі ў замку, ахоўвалі дарогу ад ворагаў. 3 аднаго боку ў гэтым ім дапамагалі хвалі возера, з другога – сцяна пракаветнага лесу. I самі воіны былі дужыя, як карабельныя сосны, і нястрымныя, як хвалі. Самым моцным сярод іх быў княскі мечнік, дужы рыцар па імені Ярмол.
Насамрэч паходжання быў ён зусім не рыцарскага, а нарадзіўся ў той самай вёсачцы, у якой жывуць зараз вашы бабуля і дзядуля. Але рос Ярмол такім кемным і дужым, што патрапіў на службу ў княскае войска, адразу – як просты жаўнер, а потым сваёй адвагай заслужыў прыхільнасць князя і ўрэшце рэшт – рыцарскае званне.
Бо рыцарам можна нарадзіцца і ў курной хаце, і не меч, нават выкаваны найлепшымі майстрамі, дае воіну моц – а мужнае сэрца. Не раз біўся Ярмол паперадзе дружыны. Не раз ратаваў жыццё свайму князю.
Каханне таксама не ведае званняў. Ніхто не падазраваў, чаму мечнік Ярмол так часта просіцца ў начную варту. Думалі – хоча паказаць, як верна службу нясе. I толькі поўня, якая заглядала ў пакой адзінай княскай дачкі Галены, ведала таямніцу.
Ярмол і Галена сустракаліся так часта, як маглі, але досыць рэдка, каб прага новай сустрэчы палала ярчэй за самую зыркую паходню на сценах вартавых вежаў.
У каханні, вядома, вялікая сіла. I вялікая слабасць – у ім жа.
Князь атрымаў звесткі, што зноў ворагі збіраюцца ісці праз наш лес на сталіцу вялікага княства. Пакуль што дарогі не пылілі, напад чакаўся праз некалькі дзён. I як заўсёды, Ярмол выклікаўся вартаваць ад поўначы да світання на вежы, якая стаяла над самым возерам і ў якой былі пакоі князёўны. А іншых веяў прызначыў на тыя вежы, з якіх праглядалася дарога.
На гэты раз ворагі не пайшлі ні па дарозе, ні праз лес. Яны апоўначы прыплылі на чоўнах да сцен замка і закінулі на вышчарбленыя падчас шматлікіх аблогаў муры моцныя вяроўкі са сталёвымі крукамі.
А Ярмол, лепшы княскі рыцар, нічога не чуў. Ён глядзеў у бяздонныя вочы сваёй каханай, у якіх люстравался поўня, і чулася яму адна пяшчотная музыка мілосці. I толькі калі замест поўні убачыў ён у вачах каханай водбліскі пажару, зразумеў – адбылося непапраўнае.
Калі Ярмол уварваўся ў бойку, палова рыцараў была ўжо забітая, князь сканаў з варожай стралой у шыі, і надзеі на ратунак не заставалася. Мечнік біўся, як дзесятак вояў. Пачуццё віны памнажала яго сілы, але і пазбаўляла абачлівасці. Бо ў бойцы таксама патрэбная абачлівасць – калі, вядома, ты не хочаш памерці. Ярмол прапусціў моцны ўдар, і ўпаў ля сцяны замка, на беразе возера, якраз з таго боку, які ён мусіў ноччу вартаваць – і не дапільнаваў.
Не, ён не загінуў. Але ці было яму ад гэтага радасці, калі, ачуняўшы, убачыў чорныя ад пажару муры замка, загінулых таварышаў… А калі ў роспачы азірнуўся, то заўважыў на хвалях возера, якраз пад вакном князёўны, нешта светлае – і быў гэта яе вэлюм…
Што ж, чыстыя хвалі возера – лепей, чым палон або ганьба…
I тады Ярмол разам са сваім баявым мячом зайшоў у хвалі, на якіх ужо люстравалася барва ўзыходзячага сонца, і ў адчаі ўзмаліўся: "Няма апраўдання мне… Няма меры віны маёй… Дык няхай, Госпадзе, у выкупленне буду я вечна абараняць гэты бераг, воды гэтага возера ад ворагаў, і не буду адпачываць ані ўдзень, ані ўначы, ані ў спякоту, ані ў холад"…
Словы, сказаныя ад паўнаты адчаю, не знікаюць марна. I мечнік Ярмол ператварыўся ў высокую цёмную траву, якая рэжа, як сапраўднае лязо. Паспрабуй, прабяжыся скрозь такія зарасці – адчуеш моц вартаўніка. Нездарма назвалі гэтую расліну меч-трава.
Але ты не бойся ані траў, ані ворагаў. А калі здарыцца табе выбіраць паміж насалодай і цяжкім абавязкам, прыгадай мечніка Ярмола