Бювар (зборнік). Уладзімір Сіўчыкаў

Читать онлайн.
Название Бювар (зборнік)
Автор произведения Уладзімір Сіўчыкаў
Жанр Зарубежная публицистика
Серия
Издательство Зарубежная публицистика
Год выпуска 2009
isbn 978-985-448-100-5



Скачать книгу

жывапіснымі аўтапартрэтамі Ван Гога, напісанымі ім у розныя гады. Праўда, гэтыя розныя гады – чатыры з апошніх у ягоным жыцьці. На іх Вінцэнт нібыта імкнецца пераканацца ў сваёй рэальнасьці, у тым, што істота з плоці і крыві яшчэ мысьліць, яшчэ не зьнікла пад націскам пачуцьцяў і адчуваньняў. Што вочы яшчэ не выпалены ні сонцам, ні ўнутраным пякельным сьвятлом. Ван Гог-мастак утрапёна пісаў Ван Гога-чалавека. Па-за гэтымі аўтапартрэтамі – творчыя тычкі трагічнага шляху і пошукаў свайго прызначэньня ў сьвеце. І гэтыя аўтапартрэты тым болей каштоўныя і неацэнныя, што фотапартрэтаў самога мастака захавалася ці не… два!

      На адным зь іх Вінцэнт – вучань пансіяната Жана Правілі ў Зевенберзане ў трынаццацігадовым узросьце. У позірку падлетка, што застыгнуў перад фотакамерай, выразна прачытваюцца разгубленасьць і самота. Другі фотапартрэт Ван Гога быў зроблены праз пяць гадоў. Але і на ім, зробленым у Гаазе напачатку 1870-х, васемнаццацігадовы гандляр творамі мастацтва і рэпрадукцыямі з іх, выглядае безаабаронным і няўпэўненым. Можа, якраз з таго часу Вінцэнт перастаў давяраць і давярацца аб’ектыву фотаапарата, каб праз паўтары дзесяткі гадоў звярнуцца да суперсуб’ектыўнасьці графічных, а потым і жывапісных аўтапартрэтаў?!

      У парадку лірычнага адступленьня заўважу яшчэ, што на ўсіх выявах Ван Гог – зацяты, сур’ёзны, засяроджаны. Выключэньне ведаю толькі адно. Даўні знаёмца, мастак Алег Карповіч, які актыўна займаецца і газетнай журналістыкаю, намаляваў падчас адной з нашых з ім гутарак пра вялікага галандца і апублікаваў у сваім выданьні партрэт усьмешлівага Ван Гога, ці не адзіны ў гісторыі мастацтва…

      Што тычыць самога тэксту Банафу, дык прываблівае ён чытэльным стылем і тым, што ўнікае псеўданавуковай сухасьці ў дасьледваньні і ў падачы матэрыялу. Акрым таго, нямала ў ім сьмелых версій, творчых адкрыцьцяў-саторы, калі пакарыстацца тэрміналогіяй з японскай паэтыкі. Не пазьбягае аўтар і так званых вострых вуглоў у асьвятленьні жыцьцёвага шляху мастака, праўдзіва і мужна, без усялякіх залішніх эўфемізмаў называе рэчы іхнімі сапраўднымі імёнамі…

      Але, што гэта я ўсё пра альбомы ды пра кнігі! Давай лепей раскажу Табе пра жыцьцё і творчасьць самога мастака. Раскажу ў традыцыйнай, храналагічнай пасьлядоўнасьці.

      Ну, дык вось, нарадзіўся будучы мастак 30 сакавіка 1853 года ў галандскай вёсцы Грот Зюндэрт, што непадалёк ад горада Брэда, у сям’і пратэстанцкага прапаведніка-кальвініста Тэадора Ван Гога. Ягонай маці была Ганна Карнэлівус Карбентус, дачка прыдворнага пераплётчыка. Так склалася, што яшчэ з канца сёмага (!) стагоддзя ў радзіне Ван Гогаў хтосьці насіў імя Вінцэнт. Паставіў клічнік у папярэднім сказе таму, што нярэдка мы або нашыя знаёмцы не ведаюць, як звалі прадзедаў і чым тыя займаліся. А што тычыць напісаньня і вымаўленьня імені Vincent, дык не гучыць мне, аніяк не прамаўляецца прамая калька з мяккім «с». А можа, віною таму накладка беларускай традыцыі, звычка прамаўляць каталіцкія імёны кшталту Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча.