Бювар (зборнік). Уладзімір Сіўчыкаў

Читать онлайн.
Название Бювар (зборнік)
Автор произведения Уладзімір Сіўчыкаў
Жанр Зарубежная публицистика
Серия
Издательство Зарубежная публицистика
Год выпуска 2009
isbn 978-985-448-100-5



Скачать книгу

аць, дык пасьля доўгага сігналу мецьмеце адну мінуту! Мы Вам абавязкова ператэлефануем. Дзякуй!»

      Менавіта так адгукаецца, калі Ты помніш, хатні аўтаадказчык у Вінцэся. Ня ведаю, Браце, у які час чытацьмеш гэтыя радкі, але спадзяюся дый ведаю, што абмежаваньня па часе на гэта няма. Але і сам Ты прасіў пісаць пра ўсё падрабязьней.

      Дык вось, акурат на каталіцкія Каляды быў я на юбілеі. Здаецца, ужо казаў, што ня надта шаную «дацкія» мерапрыемствы, але звыкаюся (або звыкся ўжо) прымаць іх як дадзенасьць. Гэтым разам сьвяткаваньне праходзіла ў Музычным тэатры, што называўся раней Тэатрам музычнай камедыі. Але настрой меў ня дужа вясёлы. Можа, праз тое, што апошнім разам быў у гэтым будынку (зноў жа на юбілеі!) на Каласавінах і выходзіў не ў гуморы.

      Тады сьвята ўяўляла з сябе практычна бенефіс міністра культуры Гулякі (пашанцавала ж міністэрству – ці міністру? – з такім прозьвішчам!) складаўся з даклада і «раздачы сланоў» фактычна ягоным жа падначаленым – чыноўнікам ад культуры. Былі, праўда, яшчэ два-тры выступоўцы, але ўсё ж не тыя асобы, якія маглі б як сьлед ушанаваць песьняра. Ну, а са сьвежасьпечанай інсцэніроўкі віцебскага тэатра імя Якуба Коласа паводле твораў класіка ўвогуле сышоў – настолькі яна аказалася няўдалаю. Парадавала ж тое, што пабачыў у глядзельнай зале і ў фае некалькі мілых майму сэрцу людзей, з задавальненьнем перамовіўся зь імі.

      Некалькі прыемных сустрэч надарылася і на саракагоддзі навучальнай установы, якая пасьпела зьмяніць некалькі назоваў і завецца цяпер нуднавата-доўга і няўклюдна – Беларускі рэспубліканскі вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў. Але большасьць выпускнікоў і цяперашніх вучняў Каледжа, сярод якіх і мая Хрысьціна, завуць яе па-ранейшаму каротка дый выразна – Парнат. Чаму так, ніхто зь іх, можа, і не возьмецца патлумачыць напэўна. Нават Алесь Пушкін, які зрабіў выдатную размалёўку ў фае перад тамтэйшаю канцэртнай залаю. Мне дык чуюцца ў гэтай назве як мінімум два складнікі – Парнас дый інтэрнат.

      Выхоўваюць у Каледжы і музыкаў, але хораша гутарылася найперш з былымі парнатаўцамі-мастакамі – Феліксам Янушкевічам, Косьцям Шаранговічам, зь цяперашняй выкладчыцай – Галінай Хінка-Янушкевіч, а таксама з Рыгорам Сітніцам, які спалучае ў сваёй асобе выпускніка і выкладчыка. Перастрэў і Генадзя Хлобыстава, які мае ў Каледжы гучную афіцыйную пасаду кіраўніка ДзЮТА – Дзіцяча-юнацкай творчай акадэміі. Займаецца ён пераважна мастацкімі праектамі, прэзентацыямі, выставамі, а таксама Public Relations, сувязямі, як кажуць, з грамадскасьцю. Разгаварыліся – у тым ліку і пра нядаўняе ўшанаваньне Леанарда да Вінчы. Чамусь расшчодрыўся Генадзь і спрэзентаваў мне дзьве паштоўкі з рэдкімі ў тыражаваньні малюнкамі Леанарда, анатамічнымі штудыямі чалавечага цела. Рэдкія яны таму, што захоўваюцца ў каралеўскай калекцыі Лізаветы ІІ у Віндзоры, а манархіня дужа неахвотна публікуе і распаўсюджвае свае рарытэты.

      Ведаеш, Браце, даўно ўжо заўважыў, як моцна ўражваюць тыя творы, на якія вока не «замыленае». Як правіла, гэта рэчы з замежных музейных экспазіцый, а таксама рэпрадукцыі з палотнаў, малюнкаў, іншых твораў з невялікіх музеяў, з прыватных калекцый або якія нанова знойдзеныя ці адкрытыя. Згадваю, што на той час, калі я паступіў у Менскую мастацкую вучэльню, азнаёміцца з шэдэўрамі сусьветнага мастацтва можна было толькі ў савецкіх музеях, найперш у Маскве і Піцеры (тагачасным Ленінградзе), а таксама ў бібліятэках. Добра, што бібліятэчныя фонды ў вучэльні былі нябедныя, бо патрапіць у рэспубліканскую Ленінскую (цяпер Нацыянальную) бібліятэку зь ліку студэнтаў маглі толькі старшакурсьнікі з ВНУ. Ну, а пра замежныя музеі можна было адно толькі марыць: выязджалі за кардон партфункцыянеры, дыпламаты, зрэдку прафсаюзныя дзеячы і журналісты, а таксама… Спартоўцаў, маракоў гандлёвага флоту дый тых, хто праходзіў вайсковую службу на тэрыторыі так званых сацыялістычных краін, можна не лічыць – музейныя залы, трэба думаць, іх вабілі мала.

      Альбом па мастацтву можна было «дастаць» (тым часам не набывалі, а «даставалі» амаль што ўсё!) у кнігарні. Сьпецыялізаванай у Менску была кнігарня «Дружба», якая мясьцілася тады на Ленінскім прасьпекце непадалёк ад перакрыжаваньня з вуліцаю Казлова. Мой першы ў мастацкай вучэльні выкладчык жывапісу і кампазіцыі Юры Міхайлавіч Выхадцаў лаяўся і страшэнна абураўся той завядзёнцы – каб набыць альбом, выдадзены хаця б у Вугоршчыне ці Чэхаславакіі, трэба было мець знаёмства з гандляркаю і нават ёй пераплочваць удвая, хаця кнігі па мастацтву аніколі не былі таннымі.

      Сёньня можна купіць калі не ўсё, дык вельмі многае. А Хлобыставу ўдаецца здабываць шыкоўныя альбомы і ў якасьці ахвяраваньняў Каледжу ад розных фондаў ды замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Менску. Сьпісваецца ён з Каралеўскай бібліятэкаю ў Лондане, з амерыканскай Вайсковай акадэміяй у форце Вест-Пойнт, які, дарэчы, пабудаваў наш зямляк Тадэвуш Касьцюшка. Удалося яму, як высьветлілася падчас гаворкі, завязаць кантакты і з нашчадкамі аднаго з найславуцейшых мастакоў сьвету Вінцэнта Ван Гога, дазнацца пра ўрачыстасьці, якія пройдуць сёлета з нагоды 150-гадовага юбілею мастака як на ягонай радзіме, так і па ўсім сьвеце.

      Вось табе і маеш – зноў урачыстасьці, зноў юбілей! Калі памятаеш, я неяк быў наракаў на юбілеі дый даты, пісаў Табе, што недалюбліваю іх. А цяпер яны, нібыта знарок,