Название | Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Віктар Шалкевіч |
Жанр | Драматургия |
Серия | Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» |
Издательство | Драматургия |
Год выпуска | 2012 |
isbn | 978-985-7007-83-7 |
Байкі пра таямніцы, страхі, падземныя хады, жыдоўскае золата і старажытныя G…скія скарбы…
…І адразу ўва ўсіх пачынаюць загарацца вочы, і ўспамінаюцца старазапаветныя легенды накшталт той, што аднойчы малыя дзеці, гуляючы на горцы каля Старога замка, ўлезлі ў нейкую нару, а нара гэтая была не нарой, а толькі падземным ходам, і ішлі дзеці па ім з гадзіну якую, натыкаючыся на куфры з золатам і срэбрам, на шкілеты з мячамі і ў латах, на чарапы і косці, сыпаўся на іх са шчылінаў пясок – страху набраліся на ўсё жыццё, а выйшаўшы з нары, апынуліся на супрацьлеглым беразе Нёмана, акурат паміж домам пробашча Францішканаў і касцельнаю брамаю. І колькі яны ні шукалі гэтае нары на другі дзень, нават з бацькамі, а болей ужо знайсці не маглі. З таго падарожжа засталіся толькі гэтыя ўспаміны і нейкая вельмі старажытная капейчына, якую адзін з дзяцей здагадаўся заціснуць у потнай далоньцы і вынесці на свет Божы, праўда, ён яе нікому не паказваў, а потым яна згубілася…
А вось шляхецкая сям’я О’Брыен дэ Ласі, перад тым як уцячы ад Саветаў у верасні 1939 года, усе свае радзінныя скарбы запакавала ў куфар і закапала пад старою таполяю каля стаўка, а калі праз многа год малодшая дачка прыехала з Аргенціны сюды, то на месцы таполі стаяла пяціпавярховая хрушчоўка… І малодшая дачка, крыва ўсміхнуўшыся, сказала, што таму экскаватаршчыку, які капаў катлаван пад дом, вельмі пашанцавала…
…А старыя людзі распавядалі, што закрыстыян з Фары Алойзы Камяга, калі быў яшчэ ў кавалерскім стане, аднойчы па нейкіх касцельных справах пайшоў у капліцу Маці Божае Кангрэгацкае, глянуў – ажно акурат каля алтара прасела каменная падлога. Крануў закрыстыян рукою камяні, а тыя і праваліліся. Пасвяціў Алойзы ліхтарыкам – а там глыбокая цёмная мураваная яміна, відаць, што падземны ход, і нешта блішчыць на дне…
…А Марыся Маліноўская з Падкрыжакаў бачыла, казалі, апоўначы каля крыжа на раздарожжы нейкага дзіўна апранутага пана, пан у яе папытаў па-польску, як дайсці да карчмы «Раскоша», Марыся перажагналася – і пан прапаў! А як паказалі ёй дзеці малюнак з энцыклапедыі, то пазнала Марыся ў пане памерлага пад канец васямнаццатага стагоддзя падскарбія надворнага літоўскага графа Антонія Тызенгаўза…
…А дырэктар гісторыка-археалагічнага музея знаходзіў штораніцы ў пакоі, дзе дакончыў жыццё Стэфан Баторый, пустыя пляшкі з-пад чырвонага венгерскага віна «Кекфранкош», і што хочаш, тое пра гэта і думай… …А Зыгмунт Гумянюк з Пярэселкі ўвосень п’яны ўваліўся ў нейкую шчыліну на Нававіленскай, а вылез з гэтае шчыліны ажно на Дзевятоўцы, ля ветэрынарнай лякарні, дзе здаровіць коцікаў і сабак добры доктар Вераб’ёў…
…А Саша Сурык з Гнойнікаў разам з Вовікам Кіслым прапалі аднойчы з горада на тры дні, а калі вярнуліся, то іх ніхто не пазнаў…
Такіх гісторыяў старыя людзі вам могуць нараспавядаць