Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Исторические приключения
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Исторические приключения
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5



Скачать книгу

хлява, смешна валюхаючыся, і нат не зірнула на сваіх выратаваўцаў—магчыма, пералякаўшыся ды накрычаўшыся, проста не цяміла, што і чаму адбываецца. Калі карчмарыха прабегла паміж мармуровымі Артэмідай і Мінервай, дваровы хлапчук залівіста свіснуў услед, і кабета прыпусціла яшчэ хутчэй, падабраўшы падол аксамітнай сукенкі, да якой прыліпла сена.

      Пан Лапушынскі толькі крыва пасміхнуўся ўслед сваім гасцям: ён відавочна палічыў драгуна і доктара нейкімі дурнямі. Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў. Калі ад’ехаліся ад Чорных соснаў, абагнаўшы карчмарыху, якая, каб прапусціць карэту як падалей, ламанулася ў прыдарожныя хмызы, Грос высунуўся з вакенца, абмерыў вачыма чорную постаць Лёдніка:

      – Лепей бы васпан аддаў тыя грошы жабракам ля царквы. Гэтая баба нават дзякуй вам не сказала.

      Доктар нат галавы не павярнуў, седзячы на кані.

      – Такія справы робяцца не дзеля падзякі. У мяне была магчымасць сплаціць мой уласны доўг – і я гэта зрабіў. А рахункаваць будуць не тут…

      Грос хмыкнуў і схаваўся ў карэце. Пранціш, які не адчуваў радасці ад змяншэння вагі свайго кашалька, таксама не вытрымаў, каб не выказацца:

      – І ўсё-ткі, Бутрым, не разумею цябе. Кабета ж не памірала. Не ў яе з мужам пазычылі і не аддавалі – а яны вінаватыя! А баба якая паскудная… Чаму мы павінны былі выплочваць доўг карчмара?

      Туман сцяліўся ў лагчынах, як быццам цэлая зграя зайцоў узялася варыць піва. Лёднік сумна глядзеў удалеч.

      – Вядома, лягчэй ратаваць людзей, нам прыемных. Удзячных, прыгожых… Каб нас іншыя за гэта пахвалілі, каб усё выглядала разумна. А каму прыемны быў я, мурзаты, дзікі, непрыгожы хлапчук, які звык, што калі нехта побач уздымае руку, дык каб ударыць, а не прылашчыць? Таму й намагаўся паспець зрабіць гадасць сам. Першае, што я ўчыніў, калі патрапіў у дом да дзядзькі Лейбы, куды мяне прывёў ягоны сябар і мой выхавацель Іван Рэніч – пастараўся непрыкметна перамяшаць усе д’ябальскія парашкі. Як жа, я знаходзіўся ў доме іншаверца, ворага! А дзядзька Лейба толькі пасмяяўся, шчыра так, па-добраму, сказаў, што з мяне неадменна атрымаецца добры алхімік. І паказаў некалькі… эфектных узаемадзеянняў між рэчывамі. З маленькімі выбухамі.

      Лёднік трохі памаўчаў, апусціўшы галаву, з навіслых шэрых хмараў пасыпаліся халодныя кроплі восеньскага дажджу, дробныя, як інфузорыі.

      – Мне даводзілася лячыць людзей, якія былі ўпэўненыя, што я ім шкоджу. І калі мне, добра папацеўшы, удавалася паставіць такога на ногі, ён усё роўна лічыў, што паправіўся насуперак мне. Але, павер, калі б я дзеля выратавання такога чалавека рабіў менш намаганняў, чым дзеля ўдзячнага, я нічога не варты быў бы, як доктар… І як чалавек таксама. Я бачыў, як падчас пошасці звар’яцелы ад жаху натоўп разрывае на кавалкі лекараў, якія рызыкуюць жыццём, каб пошасць спыніць… Я тады ацалеў – і лекаваў зноў. І цяпер – мы маглі дапамагчы, і дапамаглі. Аб гэтым ніколі не варта шкадаваць.

      А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам – не так шмат, каб усё выглядала