Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Исторические приключения
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Исторические приключения
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5



Скачать книгу

васпан пра гэтае выццё? Гэта жонка майго арандатара Майсея. Грошы пазычыў, а не аддае. Плачацца – прыбытку не мае, ніхто ў карчму не ходзіць, мужыкі збяднелі… А жонка ў атласе ды перлінах красуецца! – Лапушынскі злосна фыркнуў. – Вось я і загадаў яе пасадзіць у хлеў у яе перлінах. Няхай сядзіць, пакуль Майсей грошы не верне.

      – З гэтым народам толькі так і трэба! – ухвальна азваўся Грос. – Да апошняга будуць скардзіцца, што бедныя, сенніка няма падсцяліць, а пад падлогай золата хаваюць!

      Жанчына зноў заблагала.

      – І ўсё-ткі, васпан, я б хацеў агледзець гэтую кабету, – цвёрда прамовіў Бутрым. – Не думаю, што пан Лапушынскі зацікаўлены, каб няшчасная памерла ў ягоным хляве.

      Грос раздражнёна зірнуў на доктара.

      – Знайшлі, каго шкадаваць, ваша вучоная мосць! Яны, гэтыя, жывучыя… Нічога з ёю не станецца.

      Лёднік апусціў вочы, і Вырвіч нават ціхенька штурхануў былога слугу пад сталом, бо бачыў, што той угневаны так, што можа сарвацца. Аднак голас доктара гучаў роўна.

      – Адзін габрэй, полацкі аптэкар Лейба, дапамог мне знайсці шлях у жыцці, і не чакаў для сябе карысці, калі падтрымліваў і навучаў мяне, малога. Дабрэй і мудрэй чалавека я не ведаў. Нягоднікі і прыстойныя людзі ёсць ва ўсіх народаў, вашамосці. І ўсім аднолькава баліць, і аднолькава не хочацца паміраць. Думаю, панства нічога не згубіць, калі дазволіць мне выканаць прысягу Гіпакрату.

      Баўтрамей падняў вочы і сустрэўся позіркам з Якубам Шрэдэрам, які дагэтуль не прамовіў ні слова.

      – Няхай ідзе… – ціха прамовіў стары, і Грос з Лапушынскім пакорліва нахілілі галовы. Гаспадар нават падняўся з-за стала:

      – Пойдземце, доктар, я вас правяду.

      Зняволеная жанчына, аднак, зусім не нагадвала скрадзеную прынцэсу. Яна была тоўстай, як дзяжа, з пукатымі вачыма і губастым ротам, і шарахнулася ад Лёдніка, які памкнуўся агледзець яе, як бы доктар быў нячыстай сілай. Праклёны і прыніжаныя просьбы чаргаваліся ў спадарыні зусім нелагічна. Наколькі можна было зразумець з яе няспыннай гутаркі, у якой перамешваліся словы некалькіх моў, карчмарка прасіла адпусціць яе да дзетачак і ўлюбёнага мужа, наракала, што грошай няма аддаць пазыку, тут жа кляла мужа, які тыя грошы не змог зарабіць, і даўно выраслых дзетачак, якія лынды б’юць, замест таго, как дапамагаць татусю і мамусі ў высакароднай карчмарскай справе, а таксама горача завярала, што вось-вось памрэ ад пакутаў… Праўда, Лёднік змушаны быў прызнаць, што жыццю палонніцы пакуль нічога не пагражала – голадам не марылі, ночы цёплыя, але папярэдзіў, што ў кабеты раматуз і нестрававанне.

      Піць лекі, прапанаваныя худым дзюбаносым прыхаднем, карчмарка адмовілася з такімі крыкамі, быццам яе сабраліся труціць. Пан Лапушынскі з’едліва пасміхнуўся:

      – Ну што, пан доктар, задаволілі сваю цікавасць? І варта было сюды цягнуцца з-за стала? На маім баку праўда, вашыя мосці. Майсей палову пазыкі прынёс, значыць, і другую знойдзе. Пасядзіць баба. Не разваліцца.

      Пранцысь Вырвіч глядзеў на кабету, якая ў аксамітнай сукенцы колеру спелага каштану і каптуры