Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Исторические приключения
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Исторические приключения
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5



Скачать книгу

у Лёдніка, хоць уявіць такое цяжка, і здарылася дзіўнае: агеньчык свечкі зараз жа згас, як бы хтось прыціснуў кнот. Доктар пры гэтым відовішчы ўпарта нахмурыўся, ноздры ягонага дзюбападобнага носу пагрозна раздзімаліся, рука паднялася…

      За вокнамі пачуўся звонкі крык:

      – А ну, давай! Наперад! Давай, Піфагор! Што ж ты!

      Паніч Алесь Лёднік муштраваў на двары дабрэннага сабаку. Піфагор радасна гаўкнуў – падобна, не разумеючы карысці баявой навукі. А ў пакоі з партрэтам Арыстоцеля прафесар Віленскай акадэміі зноў паспрабаваў забіць свечку, хаця яна яму дакладна нічога кепскага не зрабіла.

      – Пайшлі, не перашкаджай ім… – прашаптала за спінай Пранціша Саламея. – Яны яшчэ з гадзіну будуць мэнчыцца.

      У другім пакоі, дзе на каміне стаяў сіні галандскі гадзіннік-ваза і вісеў партрэт сэра Ньютана, Пранціш нарэшце змог задаволіць цікаўнасць.

      – Кітайца завуць Чунь Лі, кухарам працуе ў графа Разанцава, – патлумачыла пані Лёднік. – Той яго ажно з Сібіры прывёз. Модна зараз мець па некалькі кухараў-іншаземцаў. А гэты так прыгатуе, што не зразумееш ні па выглядзе, ні па смаку, што ясі – рыбу, мяса, гародніну ці ўвогуле якуюсь жамяру. Час ад часу прысылае нам ад графскага стала пакаштаваць сваіх вырабаў. Праўда… – Саламея замялася, – неяк яно не надта нам смакуе, не кажы толькі нікому. Дзядок няпросты, і медыцынай займаецца, і ўсялякімі баявымі штукарствамі. Бутрым неяк падгледзеў, як ён забіў добрага такога бычка, адкормленага дзеля панскай кухні… Няўзброенай рукой. З аднаго ўдару. А ты ж ведаеш, наш Фаўст ніколі не адмовіцца ад новых ведаў. Ну і паразумеліся… Бутрым яшчэ і кітайскую мову засвойвае.

      – А што гэта яны са свечкай робяць? – зацікавіўся Пранціш.

      – Спадар Лі вучыць Бутрыма сакрэтнаму ўдару на адлегласці, – стрымана адказала Саламея, якой, падобна, гэтая навука зусім не падавалася добрай.

      – Гэта як? – не зразумеў Пранціш. Пані Лёднік паморшчылася.

      – Калі ты не дакранаешся да цела ворага, але пашкоджваеш ягоныя тканкі так званай “вызваленай энергіяй”. Спадар Лі сцвярджае, што найперш закранаюцца ўнутраныя органы, і ўсе наступствы такога ўдару праяўляюцца паступова.

      На прыгожым твары жанчыны была грэблівасць. Але Пранціш уявіў, як можна выкарыстаць такое ўмельства… Прыдатна!

      – Учора Бутрым паўночы сядзеў і спрабаваў гэтак вось загасіць свечку на адлегласці, – змрочна прамовіла Саламея. – Каб яму хто паказаў, як ілбом мур разбіваць – страшна ўявіць, чым скончылася б. Вясной спадар Лі прапанаваў яму сабраць раструшчаны збан проста ў мяху, праз тканіну. Казаў – добрая трэніроўка для доктара, які складае паламаныя суставы і косткі.

      – А сам кітаец сабраў? – здзівіўся Вырвіч.

      – Сабраў, – адказала Саламея.

      – А Бутрым?

      – Два тыдні змагаўся, – пані Лёднік раздражнёна ўздыхнула. – Злосны быў – не падыходзь. Нібыта мала яму непрыемнасцяў у Акадэміі. Ну, ды Бог з імі, пайшлі на варыўню,