Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов

Читать онлайн.



Скачать книгу

ж, распытваючы былую швагерку, страляла вачамі то на яе, то на пляменніцу… «Пазнае родную дачку ці не? Падкажа ёй сэрца ці не?» – думала жанчына. Люська і сама стала пераводзіць позірк з адной дзяўчынкі на другую.

      – Слухай, а гэта – часам не мая?.. – раптам спытала яна, тыцнуўшы пальцам з аблупленым манікюрам у Аленку.

      – Твая, – адказала Галіна, і сэрца яе сціснулася. Яна чакала, што зараз маці кінецца абдымаць, цалаваць дачку, што распачнуцца слёзы, усчыніцца лямант…

      – Фу, – абразліва сказала Люська і зморшчылася. – Уся па тым хаме пайшла, не каб па мне!..

      Галіна ледзь не самлела. У яе літаральна мову адняло. Жанчына баялася зірнуць на няшчаснае дзіця. Яна не ведала, што рабіць, як згасіць няёмкую сітуацыю. Чамусьці ёй здавалася, што пляменніца зараз заплача.

      Аленка ж тузанула яе за рукаво і проста сказала:

      – Пойдзем, цётка Галя! Ну яе, гэтую дурную!..

      І першая рушыла ва ўнівермаг.

      З таго часу дзяўчынка больш ніколі не ўспамінала пра маці, не шукала яе фотаздымкаў, не распытвала ні аб чым родных і знаёмых, а калі распытвалі яе, адмахвалася: «Ат!..» – і ад размовы проста ўхілялася.

      Яна ва ўсім слухала сваю бабулю, любіла і шкадавала пітушчага бацьку, амаль поўнасцю вяла хатнюю гаспадарку і да таго ж у школе была лепшай вучаніцай. Алену на нашым завулку ўсе любілі і хвалілі. Пасля школы дзяўчына лёгка паступіла ў педінстытут, потым вярнулася працаваць у родную школу, удала выйшла замуж, нарадзіла сына… Усё ў яе жыцці было прыстойна, разумна, ясна, зразумела.

      І вось раптам… Пісьмо ад маці-зязюлі! І паштовы перавод на досыць вялікую суму грошай, мусіць, каб дачка ўсе крыўды даравала. Спакусліва.

      Хаця, пры чым тут грошы? Родная кроў усё ж такі… Пакліча? Ці на гэты раз ужо Аленчына прамаўчыць?..

      …Прызнаюся, хацела на гэтым і скончыць апавяданне, маўляў, хай чытач сам паразважае: што будзе далей?.. Але, праўду кажучы, што на самай справе адбылося, ведаю.

      Не прамаўчала родная кроў. Алена адгукнулася маці адразу ж і з вялікай радасцю, быццам і не было ў яе паўсіратлівага дзяцінства і той крыўднай сустрэчы ў Рызе… Стрымгалоў паляцела яна ў Пецярбург, куды састарэлую, але, як і раней, размаляваную, расфуфыраную Люську прывёз на машыне з Хельсінкі яе муж-фін, былы марак. Нарэшце маці і дачка абняліся… Нарэшце маці знайшла сваё дзіця…

      Суседзі на завулку спачатку пачасалі языкі: «Во, за грошы нават здраду роднай маці даравала!.. Добра, што бедная Міроніха да гэтага часу не дажыла!..» На што Алена стрымана адказвала: «Роднай маці і без грошай усё даруеш. Толькі б яна была!»

      Суседзі пагаварылі-пагаварылі і супакоіліся. Нават з Люськай, падчас яе прыездаў у райцэнтр, пачалі здароўкацца і размаўляць.

      Што ляжыць на донцы душы

      Кожны незнаёмы чалавек, бы непрачытаная кніга. І толькі адкрый гэтую кнігу на любой старонцы – паглыбішся ў найцікавейшы раман… …Бараўляны. Анкалагічны цэнтр. Аддзяленне, дзе ляжаць толькі жанчыны, бо тут лечаць тое, што ніколі не баліць у мужчын, – грудзі.

      Палата