Название | Чалавек з брыльянтавым сэрцам |
---|---|
Автор произведения | Леанід Дайнека |
Жанр | Детская фантастика |
Серия | Кніжная паліца школьніка |
Издательство | Детская фантастика |
Год выпуска | 1994 |
isbn | 821-161-3933-12-9 |
Яны падышлі да 7-й верталётнай пляцоўкі, дзе стаяў верталёт сям'і Дубровічаў.
– Можа, паляціш разам са мной? – прапанаваў Гай. – Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкін адмоўна хітнуў галавой.
– Тады – да пабачэння. Жывуць Сонца і Кісларод. Толькі скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевізійны ас, аб'явіў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год?
– Старшыню Лігі барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковіча, – не міргнуўшы вокам адказаў Масейкін. – Дарэчы, праз два дні лячу да яго, каб зрабіць тэлерэпартаж. Апошнім часам зноў актывізаваліся двухгаловыя воўкасабакі, і Гром разам з сябрамі дае ім прыкурыць.
Яны развіталіся. Гай, паказаўшы робату-ахоўніку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвінтавы верталёт і праз колькі імгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзіў у звычную норму – унутраны спакой, упэўненасць. Плылі ўнізе роўныя цяністыя вуліцы, люстэркі вадаёмаў, многавугольнікі паркаў і садоў. З-за хмар, сінявата-ружовых, па-ранішняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркі блакіт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмі ўстойлівы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысціяне, глянуўшы на такі блакіт, казалі з вялікай перакананасцю: «Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзі». З невялікага воблака, асветленага яркімі промнямі, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне.
Вось паміж аксамітнага разліву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццаціпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты і пасадзіў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмініевых і медных пласцінах, якімі быў высцелены дах.
У Доме Пераўтварэнняў уладарылі робаты: ліфцёры, электрыкі, праграмісты, санітары, буфетчыкі, асенізатары, цырульнікі… Маўклівая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, які завітваў сюды. Робаты былі сама абаяльнасць і добразычлівасць,